Асацыяцыя беларускага бізнесу за мяжой пашыраецца
Асацыяцыя беларускага бізнесу за мяжой (АВВА) паступова геаграфічна пашыраецца. Пра гэта распавёў віцэ-кіраўнік арганізацыі, дарадца Святланы Ціханоўскай па эканамічных рэформах Алесь Аляхновіч.
Ён зазначыў: “Нашая праца ў гэтым накірунку пачалася яшчэ ўзімку”.
-У лютым мы абвесцілі аб адкрыцці магчымасці далучэння да асацыяцыі АВВА, менавіта як бізнес-асацыяцыі, дзе чальцамі асацыяцыі з’яўляюцца юрасобы. Фізасобы, хіба што ІП. Фізасоба, якая вядзе эканамічную дзейнасць, толькі такія асобы могуць быць сябрамі асацыяцыі. Кожны месяц да нас далучаецца прыкладна дзесяць бізнесаў з розных краін свету. На дадзены момант у нас 80 юрасобаў, якія прадстаўляюць 9 краінаў свету. Яны зарэгістраваныя ў Польшчы, Літве, Латвіі, Эстоніі, Чэхіі, Нямеччыне, Сербіі і ЗША. 7 нашых сябраў асацыяцыі – яны знаходзяцца фізічна ў ЗША, у розных штатах.
Нагадаем, у верасні АВВА арганізавала III Беларускі бізнес-форум, да якога спрычыніліся як айчынныя, так і замежныя эксперты.
Марына Савіцкая, Беларускае Радыё Рацыя