„Ашчадбанк” прагназуе інфляцыю ў Беларусі на роўні 6%
Інфляцыя ў Беларусі па выніках 2018 года будзе вышэйшай за той ровень, на які арыентуецца Нацыянальны банк, лічаць аналітыкі Цэнтра макраэканамічных даследаванняў расейскага „Ашчадбанка”.
У новым макраэканамічным аглядзе, які падрыхтаваў цэнтр, адзначаецца, што інфляцыя ў Беларусі працягвае абнаўляць гістарычныя мінімумы, запаволіўшыся па выніках чэрвеня да 4,1% у гадавым выражэнні.
„Хуткае запаволенне гадавой інфляцыі падштурхнула Нацыянальны банк да чарговага зніжэння стаўкі рэфінансавання. З 27 чэрвеня стаўка ўстаноўленая на роўні 10%, што з’яўляецца мінімумам апошняга дзесяцігоддзя”, — канстатуюць аналітыкі „Ашчадбанка”.
Паводле іх ацэнак, інфляцыя будзе некалькі вышэйшай за той узровень, на які арыентуецца Нацбанк Беларусі (5,5%), і складзе па выніках года 6%.
„У найбліжэйшыя месяцы паскарэнне будзе падтрымлівацца як інфляцыяй попыту, так і інфляцыяй прапановы. Хуткі рост рэальных зарплат (13,4% у гадавым выражэнні) прыводзіць да росту выдаткаў у вытворцаў, адначасна падтрымліваючы крэдытную экспансію і рост спажывання”, — гаворыцца ў аглядзе.
Яго аўтары таксама адзначаюць, што сёлета ў Беларусі назіраецца рост рознічнага тавараабароту на 11%. „Беларусь знаходзіцца ва ўмовах станоўчага разрыву выпуску, пры якім інфляцыйныя рызыкі традыцыйна ўзрастаюць”, — лічаць аналітыкі „Ашчадбанка”.
Нагадаем, інфляцыя ў Беларусі ў чэрвені склала 0,4%, за першае паўгоддзе — 2,9.
У апошняй штомесяцавай справаздачы аб коштавай кан’юнктуры Нацыянальны банк адзначаў, што чэрвеньская інфляцыя абумоўленая падвышэннем адміністрацыйна рэгуляваных цэн. „Рост адміністрацыйна рэгуляваных цэн і тарыфаў у гадавым вымярэнні паскорыўся з 8,9% у маі да 9,1% у чэрвені 2018 года ў выніку падвышэння цэн на гарэлку. Акрамя таго, значны ўплыў на месячны прырост цэн у дадзеным сегменце ўнесла павелічэнне кошту паслуг дашкольных устаноў на летні перыяд”, — падкрэсліваў Нацбанк.