„Ашчадбанк” цалкам падтрымлівае прагноз МВФ адносна Беларусі



Сёлета рост беларускай эканомікі складзе 3,6%. Такая ацэнка прыводзіцца ў аглядзе цэнтра макраэканамічных даследаванняў расейскага „Ашчадбанка”.

Аналітыкі „Ашчадбанка” канстатуюць, што у 2018 годзе МВФ чакае рост ВУП у Беларусі на ўзроўні 3,5-3,7% і яго запаволенне да 2,5% у 2019 годзе.

„Наш базавы прагноз прадугледжвае рост ВУП Беларусі на 3,6% сёлета і 2,5% у наступным годзе, што цалкам супадае з ацэнкамі МВФ”, — падкрэсліваюць эканамісты „Ашчадбанка”.

Расейскія аналітыкі таксама падтрымліваюць прагноз МВФ, згодна з якім інфляцыя ў Беларусі сёлета не перавысіць 6% (мэта Нацбанка Беларусі на 2018 год).

„Інфляцыя харчовых тавараў у кастрычніку склала 0,2%, нехарчовых — 0,2%, паслуг — 0%. Мы бачым абмежаваныя рызыкі адхіленні інфляцыі ад афіцыйнай мэты Нацбанка і чакаем рост цэн паводле вынікаў года паміж 5 і 5,5%”, — гаворыцца ў аглядзе.

У студзені—кастрычніку рост ВУП Беларусі склаў 3,5%, інфляцыя — 4,2%.

Кіраўнік місіі МВФ у Беларусі Жак Міньян заявіў на мінулым тыдні журналістам, што фонд цалкам падтрымлівае грашова-крэдытную палітыку беларускага Нацбанка, скіраваную на забеспячэнне цэнавай стабільнасці.

Пры гэтым прадстаўнік МВФ адзначыў, што патэнцыял росту беларускай эканомікі застаецца вельмі абмежаваным.

Згодна з прагнозам фонду, рост ВУП Беларусі складзе у 2018 годзе 3,5-3,7%, а ў наступным годзе замарудзіцца да 2,5%. На думку персаналу МВФ, патэнцыял росту беларускай эканомікі стрымлівае неэфектыўны дзяржсектар, які варта рэфармаваць.

„Галоўная думка, якую мы ўвесь час падкрэслівалі на сустрэчах з афіцыйнымі органамі, заключаецца ў тым, каб выкарыстаць момант аднаўлення эканомікі для працягу працы па зніжэнні фактараў уразлівасці і павышэнні патэнцыйнага росту. Таму што менавіта момант аднаўлення эканомікі з’яўляецца найбольш прыдатным для ажыццяўлення гэтай працы”, — заявіў Міньян.

belapan.by