„Ашчадбанк”: Ураду Беларусі наўрад ці ўдасца забяспечыць мэтавы рост эканомікі



У 2019 годзе беларуская эканоміка наўрад ці зможа вырасці на 4%, як раней прагназаваў урад. Да такой высновы прыйшлі эксперты Цэнтра макраэканамічных даследаванняў расейскага „Ашчадбанка”.

Аўтары даследавання канстатуюць, што ў першым паўгоддзі беларуская эканоміка вырасла ўсяго на 0,9%. На думку аналітыкаў, нізкія тэмпы росту сталі вынікам таго, што Беларусь сутыкнулася з праблемай „бруднай” расейскай нафты. „Статыстыка ярка праілюстравала наступствы ад траплення забруджанай сыравіны ў нафтаправоды і нафтасховішчы Беларусі”, — адзначаюць эксперты.

Яны звяртаюць увагу на тое, што гэты інцыдэнт прывёў да скарачэння прамысловай вытворчасці ў Беларусі ў другім квартале, а таксама да пагаршэння паказчыкаў галін (аптовага гандлю і транспарту), якія звязаныя з нафтаперапрацоўкай. „Асноўная частка работ па ачыстцы нафтаправодаў завершаная, што ўжо цяпер дазваляе пастаўляць нафту на абодва беларускія НПЗ у поўным аб’ёме”, — гаворыцца ў аглядзе.

Паводле ацэнкі экспертаў, „утрымаць эканоміку ад скарачэння ў перыяд сур’ёзных праблем у нафтавай галіне дазволіў усё яшчэ моцны спажывецкі попыт”. У першым паўгоддзі, адзначаюць яны, пасля павелічэння заробкаў і на фоне росту спажывецкага крэдытавання раздробны тавараабарот павялічыўся на 4,6%.

„Вынікі росту ВУП за першае паўгоддзе робяць малаверагодным афіцыйныя планы ўрада, згодна з якімі эканоміка сёлета павінна вырасці на 4%. Для дасягнення падобных вынікаў рост ВУП у другім паўгоддзі павінен скласці больш за 7%”, — прыйшлі да высновы аналітыкі „Ашчадбанка”.

Нягледзячы на гэта, адзначаюць яны, беларускія ўлады пакуль не плануюць пераглядаць свае эканамічныя прагнозы на 2019 год. „Паводле нашых ацэнак, дзеянне часовых фактараў, звязаных з пастаўкамі бруднай нафты, пачне слабець ужо ў найбліжэйшыя месяцы, што ўсё ж дазволіць некалькі палепшыць бягучыя вынікі. Тым не менш дыяпазон ацэнак росту ВУП на 2019 годзе паступова ссоўваецца ўніз і зараз знаходзіцца паміж 1,5% і 2,5%”, — гаворыцца ў аглядзе.

Паводле звестак БелаПАН, з улікам паказчыкаў першага паўгоддзя Міністэрства эканомікі чакае, што па выніках 2019-га эканоміка ўзрасце не на 4%, як планавалася, а на 2,9%. Пры гэтым Мінэканомікі публічна ўдакладнены прагноз пакуль не прадставіла.

belapan.by