Ашчаднасць у беларускай эканоміцы



У кастрычніку 2013 года ўрад і Нацыянальны банк Беларусі выдаў план структурных рэформаў беларускай эканомікі, мэтай якога было падвышэнне канкурэнтаздольнасці.

Ва ўмовах сур’ёзных пагрозаў макраэканамічнай стабільнасці Беларусі і канфлікту беларускіх і расейскіх прадпрыемстваў, якія вырабляюць ўгнаенні, беларускі ўрад выступіў з планам эканамічных рэформаў. Гэты план мусіць ажывіць беларускую эканоміку і павялічыць попыт на тавары айчыннай вытворчасці. Аднак факты (эканамічныя паказчыкі), якія маем на сёння, даюць мала падстаў для аптымізму ў далейшай перспектыве. Валавы ўнутраны прадукт (ВУП) застаецца на ранейшым узроўні, валютныя рэзервы знікаюць, беларускі рубель абясцэньваецца, і ўрад не мае грошай, каб сплаціць даўгі. Таму ўрад мусіў паступова адыходзіць ад правілаў сацыяльнага забеспячэння, якія былі да гэтага часу эфектыўнай бяспекай для тых, хто мае ў ёй патрэбу.

План структурных рэформаў

Нядаўна выдадзены ўрадам план структурных рэформаў беларускай эканомікі ўключае ў сябе мноства амбітных мэтаў і рэформаў, некаторыя з якіх з’яўляюцца вельмі складанымі ў рэалізацыі, а некаторыя – толькі заявы пра намеры ўрада. Галоўныя кірункі гэтага плана – скарачэнне прамых крэдытных праграмаў, рэформы бюджэту, падатковая рэформа, частковая прыватызацыя, далейшая лібералізацыя эканомікі. Іншымі словамі, план становіцца вырашэннем большасці структурных праблемаў Беларусі, якія назбіраліся цягам апошніх гадоў. Акрамя таго, прапанаваныя рашэнні праблемаў падаюцца даволі дзіўнымі, калі браць пад увагу рэкамендацыі такіх міжнародных арганізацый, як Сусветны банк ці Міжнародны валютны фонд. Таксама беларускі план змяшчае шмат непапулярных, але неабходных рашэнняў: скарачэнне субсідый для муніцыпальных прадпрыемстваў і іншых сацыяльна-арыентаваных даплатаў. Некаторыя палажэнні плана ўрад павінен быў увесці да канца 2013 года, а асноўныя рэформы запланаваць на 2014 год. На жаль, ёсць сумневы з нагоды іхняй рэалізацыі.

Падобная сітуацыя мела месца ў 2011 годзе, калі Беларусь атрымала значныя крэдыты ад Антыкрызіснага фонду ЕўрАзЭС. Прадастаўленне крэдытаў залежала ад выканання аналагічных умоваў (скарачэння прамых крэдытных праграмаў, прыватызацыі, лібералізацыі эканомікі і г.д.). Вядома, Беларусь іх не выканала. І цяпер беларускі ўрад дае ведаць пра сваю заангажаванасць больш пераканаўчым чынам. Напрыклад, 22 кастрычніка 2013 года Міністэрства эканомікі перагледзела свае прагнозы росту ВУП на 2014 год: з запланаваных 5,7% – на 2,4%. І з другога боку, гэтая ацэнка яшчэ вельмі аптымістычная, калі параўнаць з ацэнкай Сусветнага банка, паводле якога ВУП у Беларусі складае не больш за 1,5%.

Курс валюты і міжнародны баланс

Абясцэньванне беларускага рубля (зніжэнне ў кошце ў дачыненні да іншых валют) відавочнае кожны дзень. Нягледзячы на бесперапынныя намаганні Нацыянальнага Банка па рэгуляванні попыту на замежную валюту за кошт скарачэння рублёвай ліквіднасці на міжбанкаўскім рынку бачым падзенне роднай валюты – дэвальвацыя не знікае. Ёсць тры асноўныя прычыны, якія адмоўна ўплываюць на абменны курс: неабходнасць пагашаць крэдыты ад Міжнароднага валютнага фонду, адмоўнае сальда ў міжнародным гандлі і няўдалы момант канфлікту калійных гігантаў. Гэтыя сілы і далей будуць ціснуць на абменны курс у бліжэйшыя месяцы.

Тым часам міжнародныя рэзервы Нацыянальнага банка Беларусі значна знізіліся: у адпаведнасці з метадалогіяй разліку МВФ, на 1 кастрычніка 2013 года яны складалі толькі 7,387 мільярда даляраў. А месяцам раней, на 1 верасня 2013 года, – 7,701 мільярда даляраў. Такім чынам, бачым вялікі спад.

Цяперашняя сітуацыя на валютным рынку патрабуе знешніх крыніц фінансавання. На шчасце, Ашчадбанк пагадзіўся рэфінансаваць 1 мільярд даляраў крэдыту “Беларуськалія” ў канцы 2011 года. З гэтага крэдыту 800 мільёнаў пайшло непасрэдна ў валютныя рэзервы Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь. “Беларуськалій” мусіць пагасіць крэдыт у гэтым годзе. І дзякуючы новай дамоўленасці з Ашчадбанкам, які рэфінансуе частку доўгу, аказваецца ціск на валютныя рэзервы краіны. Але гэтага недастаткова.

Можна меркаваць, што ўрад у Менску разам з Нацыянальным банкам Рэспублікі Беларусь распрацаваў план структурных рэформаў такім чынам, каб перадусім пераканаць і схіліць міжнародныя крэдытныя арганізацыі (Міжнародны валютны фонд і Еўразійскую эканамічную супольнасць) да прадастаўленні новых крэдытных ліній для Беларусі.

Бюджэт і змены ў сацыяльнай палітыцы

2013 год быў годам ашчаднасці для Беларусі, і не толькі таму, што гэта дэвіз года. Даходы бюджэту ў гэтым годзе былі ніжэйшыя, чым планавалася. Падатковыя даходы вельмі нізкія: у перыяд са студзеня па жнівень 2013 года падатковая інспекцыя атрымлівала толькі 52,7% таго, што было ў яе гадавым плане. Нізкія падатковыя паступленні не здзіўляюць: большасць буйных падаткаплацельшчыкаў не маюць ніякага прыбытку з прычыны выдаткаў, выплаты вялікіх зарплат працаўнікам вышэйшага ўзроўню і нізкага знешняга попыту на тавары.

Урад усведамляе, што дэфіцыт бюджэту не з’яўляецца часовым. Бюджэтныя скарачэнні праводзяцца па ўсім свеце. У прыватнасці, памяншаецца колькасць дзяржаўных служачых, а ўрад скарачае субсідыі. Падатковая інспекцыя вымушана шукаць новыя крыніцы даходаў. План структурных рэформаў прадугледжвае ўвядзенне аднагадовага падатку на нерухомасць, які будзе эфектыўным інструментам для пераразмеркавання (паўторная перадача даходаў ад адной катэгорыі – “грамадства” – да другой катэгорыі – „медыцынскае абслугоўванне, адукацыя, судовая сістэма”).

Урад па-ранейшаму разглядае магчымасць увядзення падатку для беспрацоўных. Вядома, падатак не будзе тычыцца беспрацоўных у звычайным сэнсе гэтага слова. Урад мае намер абкласці падаткам тых, хто працуе за мяжой, а пасля вяртаецца ў Беларусь, карыстаецца адукацыяй, медычным абслугоўваннем і атрымлівае пенсію. Тэарэтычна ўсё проста, а вось з практычнага боку гэты падатак выглядае больш складана. Мабыць, гэта і ёсць адзіная прычына, чаму ён яшчэ не ўведзены.

Тым не менш, каб падсалодзіць пілюлю бюджэтных скарачэнняў і звесці да мінімуму наступстваы скарачэння выдаткаў на сацыяльную дапамогу, Аляксандр Лукашэнка заявіў пра новую сацыяльную праграму, якая скіравана на падвышэнне нараджальнасці ў краіне. Яна называецца “Вялікая сям’я”. Асноўная ідэя гэтага сацыяльнага праекта заключаецца ў перадачы 10 тысяч даляраў за першага дзіцяці, 20 тысяч даляраў – за другога і гэтак далей. Такія праекты, як гэты, вельмі папулярныя, а некаторыя сем’і змаглі б пераадолець фінансавыя цяжкасці. Аднак нішто не ўказвае на тое, што фінансавы стымул зможа павялічыць нараджальнасць у Беларусі на макраэканамічным узроўні.

Беларускае Радыё Рацыя