Ашмянская мытня спыняе сваё існаванне



Ашмянская мытня 1 кастрычніка спыняе сваё існаванне, а зона яе адказнасці пяройдзе пад юрысдыкцыю Гарадзенскай рэгіянальнай мытні.

Як паведамляў у жніўні журналістам старшыня Дзяржаўнага мытнага камітэта Юрый Сянько, кіраўнічы персанал будзе пераведзены ў пагранічныя пункты мытнага афармлення, у іншыя аддзелы. „За кошт такой аптымізацыі будзе ўзмоцненая мяжа. Адбудзецца скарачэнне часткі адміністрацыйнага апарата, які выконваў функцыі кіравання на ашмянскім напрамку”, — растлумачыў старшыня ДМК.

Як заявіў Сянько, Дзяржаўны мытны камітэт „вынесе сур’ёзныя ўрокі” з крымінальнай справы ашмянскіх мытнікаў. У камітэце „працягваюць працаваць над тым, каб увесь асабісты склад вынес вельмі сур’ёзныя ўрокі з шэрагу спраў, па якіх службовыя асобы, у прыватнасці Ашмянскай мытні, былі прыцягнутыя да крымінальнай адказнасці”.

Аб выяўленні карупцыйнай схемы на Ашмянскай мытні паведаміў у красавіку 2015 года Аляксандр Лукашэнка. Расследаваннем займаўся КДБ. Тады ў дамах падазроных аператыўнікі знайшлі больш за два мільёны долараў. Усяго па справе аб хабарах у пункце пропуску „Каменны Лог” праходзілі 58 чалавек. Згодна з матэрыяламі крымінальнай справы, злачыннай групай было прапушчана каля 4,5 тысячы грузавікоў з таварам. Сумы хабараў былі ад 110 да 750 долараў. У шэрай схеме апынуліся задзейнічаныя начальнікі аддзелаў, асабісты склад мытні і бізнесмены.

belapan.com

Фота kp.by