Астравецкую атамную станцыю зноў адключаць ад сеткі



Калі нешта не працуе, якая першая ў вас рэакцыя? Вось, напрыклад, у пакоі прапала святло, мы падыходзім і найперш “пстрыкаем” выключальнік. Альбо нешта здарылася з кампутарам, напрыклад, ён “падвіс”, мы чакаем, але калі нічога не змяняецца, то спрабуем яго перазагрузіць. Можна сказаць, што рэакцыя “уключыць-выключыць” закладзеная недзе ў падсвядомасці, а тым больш, што вельмі часта гэта спрацоўвае і той жа кампутар пачынае працаваць. Праўда, выкарыстоўваць такую схему наладкі варта не заўсёды і не ўсім, і ўжо напэўна не ў выпадку з атамнай станцыяй. Але гледзячы на тое, што адбываецца, міжволі пачынаеш думаць, што і там спецыялісты спрабуюць выкарыстаць правіла “уключыць-выключыць”, а там, дасць бог, запрацуе. Справа ў тым, што першы энергаблок Беларускай атамнай электрастанцыі ў Астраўцы 10 сакавіка зноў будзе адключаны ад сеткі, пры тым, што толькі 8 сакавіка яго ў гэтую сетку ўключылі. Такое адключэнне-ўключэнне адбываецца далёка не першы і не другі раз. Паводле Міністэрства энергетыкі, гэта планавае мерапрыемства, адключэнне прадугледжана праграмай этапу доследна-прамысловай эксплуатацыі і гэтым разам неабходна для “правядзення даследаванняў ксенонавых пераходных працэсаў у рэактарнай устаноўцы са зніжэннем яе магутнасці да мінімальна кантраляванага ўзроўню”. Далей тлумачыцца, што гэта неабходна для вызначэння характарыстык актыўнай зоны рэактара. Прыходзіцца верыць на слова, хоць сумневы застаюцца, бо будаўніцтва БелАЭС ад самага пачатку было сумнеўным: пачынаючы ад выбару пляцоўкі, шэрагу сур’ёзных здарэнняў падчас будаўнічых работ (прыгадаю хаця б гісторыю з падзеннем корпуса рэактара падчас яго транспарціроўкі) – да адсутнасці празрыстасці на ўсіх этапах будаўніцтва. Суседняя Літва няспынна спрабуе прыцягнуць да тэмы Астравецкай АЭС увагу еўрапейскай супольнасці, і нават праводзіла вучэнні на выпадак аварыі на гэтай станцыі блізу граніцы. 11 лютага Еўрапарламент прыняў рэзалюцыю, у якой заклікаў Еўракамісію „шчыльна супрацоўнічаць з беларускімі ўладамі з мэтай прыпынення працэсу камерцыйнай эксплуатацыі да поўнага выканання ўсіх рэкамендацый па выніках стрэс-тэстаў, а таксама належнага інфармавання беларускага грамадства і суседніх краін аб прынятых мерах”. Днямі, пасля мінулага адключэння БелАЭС ад сеткі, у сеціве з’явіліся чуткі пра павышаны радыяцыйны фон блізу станцыі, на шчасце, яны не пацвердзіліся. Хоць, у святле інфармацыйнай блакады вакол станцыі, акрамя чарговых сухіх паведамленняў Мінэнерга, з’яўленне чутак і непакою не з’яўляецца нечым незвычайным.

Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя