Асцярожна: злыя тарыфы!
З новай прапановай па аплаце камунальных паслуг нядаўна выступіла Міністэрства фінансаў Беларусі. У адным з апошніх нумароў часопіса „Фінансы, улік, аўдыт” з’явіўся артыкул спецыялістаў ведамства, дзе прапаноўваецца ўсталяваць на некаторыя камунальныя паслугі новыя тарыфы, якія забяспечаць поўнае пакрыццё эканамічна абгрунтаваных выдаткаў.
Паводле эканамічнага аглядальніка Аляксандра Сінкевіча, з дапамогай павелічэння камунальных плацяжоў беларускі ўрад імкнецца паменшыць колькасць нерэнтабельных прадпрыемстваў, пераклаўшы на плечы насельніцтва ратаванне беларускай эканомікі.
– Насельніцтва, напрыклад, будзе плаціць за жыллёва-камунальныя паслугі ў поўным памеры. Такім чынам, нагрузка на прадпрыемствы будзе зніжаная. І ўжо дзякуючы гэтай меры можа быць зменшана колькасць нерэнтабельных прадпрыемстваў. А вось тое, што застанецца і не здолее выкараскацца з эканамічнага тупіка, мусіць быць рэарганізавана.
Так, з 2015 года Мінфін прапануе ўвесці 100-працэнтную аплату паслуг на вываз смецця і карыстанне ліфтам, з 2016-га – на ваду і каналізацыю. Чыноўнікі таксама настойваюць на паступовай поўнай кампенсацыі насельніцтвам коштаў і на іншыя камунальныя паслугі.
Васіль Кроква, Беларускае Радыё Рацыя
Фота newtariffs.ru