Атрымаць прыбытак у Беларусі іншаземцам будзе складаней
Указам Лукашэнкі ў Беларусі ўстанавілі асаблівы парадак атрымання прыбытку і дывідэндаў асобамі з замежных дзяржаў, якія нібыта ўчыняюць “недружалюбныя дзеянні” у адносінах да Беларусі. Гэта вынікае з паведамлення прэс-служба Міністэрства эканомікі.
Такім юрыдычным асобам для выплаты прыбытку і (або) дывідэндаў трэба адкрыць у банках Беларусі спецыяльныя рахункі рэзідэнтаў. Сродкі будуць пералічваюцца з аднаго рахунку на іншы ў дзесяцідзённы тэрмін. Гэтыя сродкі могуць выкарыстоўвацца толькі на:
фінансаванне інвестыцыйных праектаў у Беларусі;
пагашэнне запазычанасці па асобных крэдытах банкаў;
размяшчэнне ў безадзыўныя банкаўскія ўклады на тэрмін не менш за год у банку, у якім адкрыты спецыяльны банкаўскі рахунак.
Да “недружалюбных” улады Беларусі адносяць ЗША, краіны Еўразвязу і шэраг іншых краін.
Беларуская мова – на ўпакоўцы яшчэ аднаго вытворцы дзіцячага харчавання
Пра тое, што кампанія “ЛВЛ Эвалюшн” нарэшце дадала беларускую мову на ўпакоўку сваёй прадукцыі, паведаміў у сацсетках Ігар Случак. Паводле Случака, у мінулым годзе “ЛВЛ Эвалюшн” паведамляла, што беларуская мова на іх таварах з’явіцца. Цяпер жа ён атрымаў ад іх інфармацыю, што кампанія ажыццяўляе працу па рэбрэндынгу прадукцыі пад нашай уласнай гандлёвай маркай “Ложка в ладошке”. У рамках рэбрэндынгу на ўсю прадукцыю, якая вырабляецца пад маркай “Лыжка ў далоньцы” ва ўпакоўцы тыпу “паўч” і Tetra Pak (гэта прыкладна 70% ад агульнага аб’ёму) нанесена інфармацыя аб прадукце на беларускай мове.
Гэта ўжо другі вытворца дзіцячага харчавання, што пачаў выкарыстоўваць беларускую мову — раней паведамлялася пра прагрэс у гэтай справе з вытворцам брэнду Bambolina.
Беларусы сталі больш выдаваць у крамах і кавярнях
Рознічны тавараабарот у студзені – жніўні гэтага года вырас на 6% год да года і склаў 48,8 млрд рублёў. Пра гэта паведамілі ў Белстаце. Пры гэтым у дзень беларусы трацяць у розніцы ў сярэднім 21 рубель 80 капеек, а летась за восем месяцаў года было менш за 20 рублёў.
Тавараабарот кавярняў і рэстаранаў за восем месяцаў гэтага года вырас на 11,1% у параўнанні з леташнім перыядам і склаў 3,2 млрд рублёў.
Якія краіны купляюць беларускія ліфты?
Генеральны дырэктар ААТ “Магілёўліфтмаш” Сяргей Чарткоў расказаў, у якія дзяржавы прадпрыемства пастаўляе сваю прадукцыю.
За сем месяцаў бягучага года “Магілёўліфтмаш” паставіў на знешні контур 6359 ліфтаў. Гэта на 740 ліфтаў больш, чым у папярэднім перыядзе. „Асноўныя нашы рынкі збыту – Расейская Федэрацыя (туды ідзе каля 80 працэнтаў прадукцыі), Казахстан, Арменія, Кыргызстан”, – расказаў Сяргей Чарткоў.
Гендырэктар таксама адзначыў, што ў гэтым годзе прадпрыемства вырабіла, выпрабавала і атрымала сертыфікаты на хуткасныя ліфты грузападымальнасцю да 1400 кг з хуткасцю руху кабіны 2,5 м/с.
Беларускае Радыё Рацыя.
Фота з адкрытых крыніц.