Аўстрыйскі Raiffeisen Bank абверг паведамленні аб намеры прадаць „Прыёрбанк”



 Аўстрыйскі Raiffeisen Bank International абверг паведамленні пра нібыта існы намер прадаць „Прыёрбанк”, якія з’явіліся 23 лютага на некаторых беларускіх інтэрнэт-рэсурсах і ў тэлеграм-каналах.

„RBI не праводзіць перамоў адносна продажу даччынага банка ў Беларусі, а таксама не дае паўнамоцтвы трэцяму боку на такія дзеянні”, — гаворыцца ў паведамленні на сайце „Прыёрбанка”.

Адзначаецца, што, „нягледзячы на некаторыя абмежаванні”, фінансавыя вынікі „Прыёрбанка” застаюцца на высокім узроўні.

„Беларускі рынак па-ранейшаму забяспечвае значны прыбытак і захоўвае патэнцыял для далейшага росту”, — падкрэсліваецца ў каментары.

„Прыёрбанк” — самы буйны беларускі камерцыйны банк з заходнееўрапейскім капіталам, уваходзіць у лік сістэмна значных банкаў краіны.

Доля Raiffeisen у статутным фондзе „Прыёрбанка” складае 87,74%, Дзяржкаммаёмасць Беларусі валодае 6,31% акцый, іншыя юрыдычныя асобы — 1,11%, фізасобы — 4,84%.

belapan.by