Аўтамабілі на сотні мільёнаў еўра ўвозяцца з Літвы ў Беларусь



Беларусь стала асноўным напрамкам паставак аўтамабіляў з Літвы. У большасці выпадкаў яны вывозяцца па замовах расейцаў. Пра гэта гаворыцца ў расследаванні LRT. Паводле звестак тэлеканала, летась з Літвы ў Беларусь былі вывезены аўтамабілі на 584 мільёны еўра, што ўтрая больш, чым пазалетась. У першым квартале бягучага года аб’ём паставак склаў 209 мільёнаў еўра. Рэзкі прырост вывазу аўтамабіляў адзначаецца і ў іншыя краіны ЕАЭС. Прыгадаем, што Еўразвяз наклаў абмежаванні на экспарт дарагіх машын у РФ.

Маршрут паставак, як правіла, пачынаецца ў Нямеччыне ці Даніі. Адтуль машыны еўрапейскімі перавозчыкамі дастаўляюцца да граніцы Літвы і Беларусі. Далей аўтамабіль забіраюць людзі з Беларусі і перавозяць яго цераз мяжу. Акрамя таго, у схеме задзейнічаюць асоб з падвойным грамадзянствам, якія маюць магчымасць набыць аўтамабіль як грамадзяне краін ЕЗ, а далей перасячы мяжу ўжо з расейскім пашпартам. Акрамя таго, у схеме можа выкарыстоўвацца порт Клайпеды.

У свеце растуць цэны на пшаніцу

Цэны на пшаніцу на сусветных таварных рынках працягвалі рост пасля самага вялікага за дзесяцігоддзе скачка ў сераду. Гэта адбылося на фоне заяў расейскага Мінабароны пра тое, што з 20 ліпеня ўсе судны, якія ідуць у акваторыі Чорнага мора ва ўкраінскія парты, будуць разглядацца як патэнцыйныя перавозчыкі грузаў ваеннага прызначэння, паведамляе Bloomberg.

17 ліпеня Масква адмовілася працягваць збожжавую ўгоду, заключаную год таму паміж Расеяй, Украінай, Турцыяй і ААН, у рамках якой быў створаны бяспечны марскі калідор для выхаду суднаў з экспартным збожжам і іншымі сельскагаспадарчымі прадуктамі з партоў Украіны. Па дадзеных Рады нацбяспекі ЗША, Расея рыхтуецца атакаваць сухагрузы ў Чорным моры і ўжо ўсталявала дадатковыя марскія міны на падыходах да ўкраінскіх партоў.

Вучні чацвёртых класаў у Польшчы атрымаюць бясплатныя ноўтбукі

З новага навучальнага года ў Польшчы ўвойдзе ў сілу Закон аб падтрымцы развіцця лічбавых кампетэнцый вучняў і настаўнікаў. Яго мэта – забяспечыць вучняў чацвёртых класаў базавых школ ноўтбукамі, а настаўнікаў – ваўчарамі на іх набыццё.

Вучань атрымае ноўтбук бясплатна. Ён будзе належаць ягоным бацькам, на падставе заключанай са школай дамовы. Атрыманы ноўтбуа нельга будзе прадаць на працягу пяці гадоў з моманту атрымання. У выпадку змены класа, школы або ўстановы вучань не будзе прымушаны вяртаць яго былой школе. У сваю чаргу настаўнікі атрымаюць ваўчар на набыццё ноўтбука на суму 2 тысячы 500 злотых. (Беларуская служба Польскага радыё)

Беларускае Радыё Рацыя.

Фота мае ілюстрацыйны характар.