Аўтамабільнае паліва даражэе ў Беларусі шосты раз з пачатку года
Канцэрн „Белнафтахім” абвясціў аб шостым у 2020 годзе павышэнні цэн на паліва на аўтазаправачных станцыях. 9 лютага цэны павялічацца на 1 капейку.
Як растлумачылі ў прэс-служба канцэрна, рознічныя цэны на маторнае паліва на АЗС змяняюцца „з улікам паскарэння тэмпаў зніжэння курсу нацыянальнай валюты, у рамках прынятай канцэрнам „Белнафтахім” цэнавай палітыкі”.
Цана бензіну АІ-92-К5-Еўра складзе 1,70 рубля, АІ-95-К5-Еўра — 1,80 рубля, АІ-98-К5-Еўра — 2,02 рубля, ДП — 1,80 рубля.
З-за росту кошту нафты для беларускіх НПЗ „Белнафтахім” у 2018-м і да восені 2019 года практычна штотыдзень уздымаў цану на аўтамабільнае паліва. З канца верасня рост прыпыніўся больш чым на месяц і зноў аднавіўся 24 лістапада — праз тыдзень пасля выбараў у Палату прадстаўнікоў. Апошнім разам цэны на паліва былі павышаныя 2 лютага.
Старшыня „Белнафтахіма” Андрэй Рыбакоў лічыць, што ў цяперашняй сітуацыі абраная канцэрнам стратэгія паэтапнага змянення цэн на паліва застаецца аптымальным варыянтам.
„Мы бачым, што на сусветным рынку цэны на вуглевадародную сыравіну ўпэўнена растуць. Некаторыя эксперты мяркуюць, што цана на нафту можа перавысіць 80 долараў за бараль. Нагадаю, што для беларускіх НПЗ цана на нафту расце яшчэ і за кошт падатковага манеўру, і ў 2020 годзе яна ўжо будзе складаць (з улікам выплаты пошлін на нафтапрадукты) каля 83% ад сусветнай”, — сказаў Рыбакоў парталу „Нафтахімія” ў інтэрв’ю, апублікаваным 29 студзеня.
„Мы бачым, колькі каштуе паліва ў краінах з рынкавым цэнаўтварэннем на гэты тавар, таму пэўныя карэкціроўкі ўзроўню цэн спатрэбяцца”, — дапоўніў ён.
Тым не менш, працягнуў Рыбакоў, „Белнафтахім” па-ранейшаму будзе зыходзіць з захавання балансу інтарэсаў вытворцаў і спажыўцоў паліва.
belapan.by