Аўтамабільны рынак Беларусі скараціўся амаль на 84%
У жніўні ў Беларусі дылерамі было прададзена ўсяго 542 машыны. Такім чынам, аўтамабільны рынак легкавых аўтамабіляў Беларусі скараціўся на 83,9%, або на 2834 штук, у параўнанні са жніўнем 2021-га. Пра гэта паведамляе Беларуская аўтамабільная асацыяцыя.
Па выніках 8 месяцаў года на рынку лідыруе марка LADA з вынікам 3490 аўтамабіляў. У тройцы лідараў таксама знаходзяцца брэнды Geely і Kia. Усяго з пачатку года ў Беларусі прададзена 11 764 новых легкавых аўто. Чаканы ўзровень продажаў у найбліжэйшыя месяцы шмат у чым будзе вызначацца аб’ёмам рэалізацыі Geely, заўважаюць спецыялісты. Без уліку продажаў айчыннага вытворцы рынак наўрад ці пераадолее мяжу 500 легкавых аўтамабіляў у месяц.
Пры гэтым асартымент новых аўтамабіляў ад дылераў працягвае скарачацца. Калі годам раней дылерамі-членамі БАА на рынку былі прадстаўлены 112 мадэляў новых аўтамабіляў, то ў жніўні 2022 года — толькі 36.