Аўтастрахоўкі “Сіняя карта” пачалі дзеіць у Беларусі і Расеі
Як паведамілі ў Расейскім саюзе аўтастрахоўшчыкаў, пагадненне з Беларускім бюро па транспартным страхаванні пачало дзеіць у поўным аб’ёме з 2 верасня. Гэтае пагадненне ўсталёўвае правілы па “Сіняй карце”, аналагічныя сістэме “Зялёная карта”, за выключэннем некаторых палажэнняў.
Так, у якасці дакумента, які пацвярджае заключэнне дамовы, цяпер выдаюцца бланкі “Зялёная карта”, а пасля 1 студзеня 2024 года будуць выдавацца новыя бланкі – “Сіняя карта”, – распавялі ў расейскім саюзе. Валютай разлікаў зараз з’яўляецца пераважна нацыянальная валюта краіны ДТЗ. Раней па “Зялёнай карце” разлікі праводзіліся ў еўра.
Як прыгадвае reform.by, з 30 чэрвеня было прыпынена сяброўства Беларусі і Расеі ў міжнароднай сістэме страхавання “Зялёная карта”.
“БелДжы” плануе сёлета прадаць 13 тысяч аўтамабіляў
Генеральны дырэктар “БелДжы” Генадзь Свідзерскі распавёў, колькі аўтамабіляў Geely плануецца прадаць у Беларусі сёлета, паведамляе БелТА. Топ менеджар патлумачыў, што вытворчая праграма фарміруецца з улікам попыту спажыўцоў.
На старце бягучага года прадпрыемства планавала нарасціць продажы на ўнутраным рынку на 20%, для чаго дадаткова замовіла ў Кітаі 6 тысяч машынакамплектаў. Далей, ідучы за попытам, за 7 месяцаў завод у Барысаве здолеў прадаць на мясцовым рынку 8 тысяч аўтамабіляў. Такі вынік прымусіў скарэктаваць вытворчы план і план продажаў да 13 тысяч адзінак. Гэта ў тры разы больш, чым у мінулым годзе, растлумачыў Свідзерскі.
“Маёнтак Падароск” застаўся без гаспадара
Ваўкавыскі суд скасаваў дамову аб набыцці прадпрыемства “Маёнтак Падароск” бізнесменам Падкарытавым. Пра гэта паведаміў на сваёй старонцы ў Фейсбуку ўласнік кампаніі, расійскі прадпрымальнік беларускага паходжання Павел Падкарытаў.
Фірма “Маёнтак Падароск” займаецца аднаўленнем сядзібы Чачотаў-Бохвіцаў у Падароску Ваўкавыскага раёна. Гэтую сядзібу Падкарытаў выкупіў у 2013 годзе. Летась у кастрычніку ў фірму прыходзілі сілавікі, якія вынялі камп’ютары і дакументацыю. Трое чалавек затрымліваліся ў рамках крымінальнай справы аб нявыплаце падаткаў. Адным з кіраўнікоў фірмы быў Юрый Меляшкевіч, былы апазіцыйны палітык.
Буйны эканамічны форум праходзіць у польскім Карпачы
Прэм’ер-міністр Польшчы Матэвуш Маравецкі прымае ўдзел у Эканамічным форуме ў Карпачы. У эканамічным форуме таксама ўдзельнічаюць прадстаўнікі бізнесу, навукі, культуры і няўрадавых арганізацый. Арганізатары анансавалі, што за тры дні мерапрыемства наведаюць больш за пяць тысяч гасцей з больш чым 70 краін свету.
Асноўныя тэмы абмеркавання – інвестыцыі ў Польшчу, развіццё новых тэхналогій, бяспека, барацьба з дэзынфармацыяй і аднаўленне Украіны пасля вайны. Форум працягнецца да чацвярга, 7 верасня.
Беларускае Радыё Рацыя.
Фота: transinfo.by.