Азербайджан удвая павялічыў аб’ём здзелак на Беларускай таварнай біржы
33 акрэдытаваныя азербайджанскія кампаніі ў 2019 годзе на Беларускай універсальнай таварнай біржы здзейснілі здзелкі на 14,2 млн долараў, паведаміў старшыня праўлення БУТБ Аляксандр Асмалоўскі на сустрэчы з паслом Азербайджана ў Беларусі Лаціфам Гандзілавым 5 сакавіка ў Менску.
«Гэта ў два разы больш, чым у 2018 годзе, але ж магло быць у тры ці нават у чатыры разы больш, калі б акрамя лесаматэрыялаў закуплялася беларускае сухое малако, сыроватка або металавырабы. Усё гэта запатрабаваная ў Азербайджане прадукцыя, таму, на мой погляд, патэнцыял біржавога гандлю пакуль рэалізуецца не ў поўнай ступені. Разлічваем на ваша спрыянне ў выпрацоўцы пераліку перспектыўных таварных пазіцый, а таксама ў пошуку добрай кампаніі, якая б стала брокерам БУТБ у Азербайджане. Толькі аб’яднаўшы намаганні, мы зможам дасягнуць жаданых вынікаў», – цытуе Асмалоўскага прэс-служба біржы.
«Адна з галоўных задач пасольства – садзейнічаць развіццю гандлёва-эканамічных адносін паміж нашымі краінамі. Гэта тычыцца як імпарту беларускіх тавараў у Азербайджан, так і паставак прадукцыі азербайджанскіх прадпрыемстваў у Беларусь. У гэтым плане біржавы гандаль мае значны патэнцыял, бо ён здымае неабходнасць пошуку дзелавых партнёраў за мяжой і, што больш важна, забяспечвае прамы кантакт паміж вытворцам і канчатковым спажыўцом. Таму мы гатовыя сумесна з вамі інфармаваць прадстаўнікоў азербайджанскага бізнесу аб магчымасцях біржавой пляцоўкі і рэкамендаваць скарыстацца гэтым механізмам. Тым больш што барʼеры для выхаду на біржавы рынак адсутнічаюць», – сказаў у сваю чаргу Гандзілаў.
Азербайджанскі дыпламат падтрымаў прынятае кіраўніцтвам БУТБ рашэнне аб спрашчэнні працэдуры акрэдытацыі для кампаній-нерэзідэнтаў, адзначыўшы, што «такі крок насустрач замежным удзельнікам таргоў будзе абавязкова спрыяць росту біржавога тавараабароту, у тым ліку з Азербайджанам».