Беларускія аўтадылеры павялічылі продаж аўтамабіляў на 54%



Беларускія аўтадылеры павялічылі продаж аўтамабіляў у 2018 годзе на 54% да 52.835 адзінак. Гэты паказчык стаў абсалютным рэкордам для аўтамабільнага рынку Беларусі, паведамілі члены праўлення Беларускай аўтамабільнай асацыяцыі на прэс-канферэнцыі 15 студзеня ў Менску.

У прыватнасці, у 2018 годзе было рэалізавана 48.817 легкавых і 4.018 лёгкіх камерцыйных аўтамабіляў, а іх доля на рынку склала 92,4 і 7,6% адпаведна.

Усяго на рынку Беларусі летась былі прадстаўленыя 33 аўтамабільныя брэнды. Лідарам па продажы стала марка Renault (11.310 аўтамабіляў), затым ідуць Lada (10.481) і Volkswagen (6.983). У пяцёрку таксама ўвайшлі маркі Geely (3.304 аўтамабілі) і Skoda (3.243).

Як заявіў старшыня праўлення Беларускай аўтамабільнай асацыяцыі Сяргей Міхневіч, мінулы год аўтадылеры краіны „перажылі на мажорнай ноце”. „У выніку мы бачым прырост продажу больш як 50%, ён з’яўляецца гістарычным максімумам для афіцыйнага аўтарэтэйлу ў Беларусі. Такі прырост апынуўся нечаканым не толькі для аўтадылераў, але і для аўтавытворцаў”, — падкрэсліў ён.

На рост рынку паўплывала некалькі фактараў. „Самым галоўным фактарам стала даступнасць фінансавання. Крэдытаванне і лізінгавыя схемы далі магчымасць зрабіць даступнай працэдуру куплі новага аўтамабіля для нашых грамадзян. І ўпершыню за гісторыю незалежнасці нашай краіны мы гаворым пра тое, што набыццё новага аўтамабіля стала больш выгадным, чым купля аўтамабіля з прабегам у сілу таго, што пакупнік атрымаў комплекс паслуг як па фінансаванні, так і па іншых спадарожных паслугах”, — адзначыў Міхневіч.

Ён падкрэсліў, што прырост продажу адбыўся не толькі ў сегменце фізічных, але таксама і сярод юрыдычных асоб, якія адчулі фінансавую стабільнасць і рэалізавалі свой адкладзены попыт.

„Юрыдычныя асобы апынуліся больш актыўнымі пакупнікамі, чым годам раней — фінансавая стабілізацыя давала магчымасць дырэктарам прадпрыемстваў больш аптымістычна глядзець у будучыню і абнаўляць аўтапарк. Пры гэтым у абодвух сегментах фінансаванне куплі аўтамабіляў па крэдытна-лізінгавых здзелках склала каля 70%, ці дзве траціны ад агульнага аб’ёму продажу”, — звярнуў увагу старшыня праўлення БАА.

Як адзначыў Міхневіч, упершыню ў Беларусі пераадоленая мяжа продажу пяць новых аўтамабіляў на адну тысячу жыхароў. „Упершыню аўтарынак Беларусі дасягае паказчыкаў асобных еўрапейскіх краін, але да развітых краін Еўропы нам яшчэ далёка. Развітыя рынкі маюць паказчык ад 30 аўто на тысячу жыхароў. Так што патэнцыял росту на нашым рынку прысутнічае”, — сказаў кіраўнік БАА.

Беларуская аўтамабільная асацыяцыя — некамерцыйнае аб’яднанне юрыдычных асоб, афіцыйна ўпаўнаважаных аўтамабільнымі кампаніямі для прадстаўлення ў Беларусі аўтамабільных марак, што вырабляюцца імі. Пачала сваю дзейнасць у 2000 годзе.

belapan.by