Бабарыка: „Белгазпрамбанк” справіцца з узніклымі праблемамі
„Белгазпрамбанк” з’яўляецца адным з лепшых банкаў Беларусі, і ўстанова справіцца з узніклымі праблемамі, заявіў падчас стрыму ўвечары 12 чэрвеня прэтэндэнт на пасаду прэзідэнта Беларусі былы кіраўнік „Белгазпрамбанка” Віктар Бабарыка.
Ён узначальваў „Белгазпрамбанк” каля 20 гадоў. „Той банк, з якога я сыходзіў, гэта быў рэальна адзін з лепшых банкаў краіны, і мы ім вельмі ганарыліся. І я не веру, што за месяц раптам здарылася тое, што здарылася”, — падкрэсліў Бабарыка.
„Таму я лічу, што ў банка ёсць сілы ратаваць сваіх людзей — а мы заўсёды былі накіраваныя на тое, каб бараніць і ратаваць сваіх людзей. Я веру ў тое, што і бягучае кіраўніцтва будзе прыкладаць максімум намаганняў для таго, каб дапамагаць сваім людзям”, — дадаў ён.
„Я бачыў заяву прэс-службы „Белгазпрамбанка” аб тым, што і акцыянеры гатовыя дапамагаць банку. Таму, мне здаецца, банк можа і павінен справіцца з гэтай усёй сітуацыяй самастойна”, — сказаў Бабарыка, выказаўшы ўпэўненасць, што „Белгазпрамбанк” застанецца адным з лепшых банкаў краіны.
„Белгазпрамбанк” па памеры актываў уваходзіць у пяцёрку найбуйнейшых банкаў Беларусі. Найбуйнейшыя акцыянеры ПАТ „Газпром” (Масква) і АТ „Газпрамбанк” („Банк ГПБ”, Масква) валодаюць па 49,82% капіталу.
11 чэрвеня ў галаўным офісе банка ў Менску прайшоў вобшук у межах крымінальнай справы аб ухіленні ад выплаты падаткаў і легальных сродкаў, атрыманых незаконным шляхам.
12 чэрвеня старшыня Камітэта дзяржкантролю Іван Церцель паведаміў, што падчас расследавання спраў, звязаных з „Белгазпрамбанкам”, затрыманыя 15 чалавек — „гэта топ-менеджары „Белгазпрамбанка” з ліку кіраўнікоў першага звяна і рознага ўзроўню”, а таксама былыя супрацоўнікі банка, якія цяпер працуюць у розных камерцыйных структурах.
Раніцай 12 чэрвеня ў беларускіх банкаўскіх колах пачала курсіраваць інфармацыя, што часовым старшынёй праўлення „Белгазпрамбанка” можа стаць Надзея Ермакова, якая ў 2011—2014 гадах узначальвала Нацыянальны банк.
Нацыянальны банк ніякай інфармацыі пра сітуацыю з ААТ „Белгазпрамбанк” не распаўсюджваў.
Увечары 12 чэрвеня „Газпром” і „Газпрамбанк” заявілі пра парушэнне заканадаўства Нацбанкам Беларусі пры змене кіраўніцтва „Белгазпрамбанк”.
„Праўленнем Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь былі ажыццёўленыя незаконныя дзеянні па прызначэнні в. а. старшыні праўлення і в. а. намесніка старшыні праўлення ААТ „Белгазпрамбанк”. Гэтыя прызначэнні суправаджаліся затрыманнем паўнамоцных членаў праўлення „Белгазпрамбанка” праваахоўнымі органамі Рэспублікі Беларусь”, — гаворыцца ў заяве.
„Акцыянеры ААТ „Белгазпрамбанк” маюць намер дабівацца абароны сваіх правоў і законных інтарэсаў усімі даступнымі прававымі сродкамі, а таксама робяць усе магчымыя захады для аховы інтарэсаў кліентаў і забеспячэння фінансавай стабільнасці банка”, — падкрэсліваецца ў заяве.
ААТ „Белгазпрамбанк” — універсальны камерцыйны банк, заснаваны ў 1990 годзе, ранейшыя назвы банка — „Экаразвіццё” і „Алімп”. У лістападзе 1997 года рашэннем Нацыянальнага банка Беларусі быў пераўтвораны ў сумеснае беларуска-расейскае адкрытае акцыянернае таварыства „Белгазпрамбанк”.
belapan.by