Бабіч абмеркаваў з кіраўніцтвам „Атамбудэкспарта” тэрміны завяршэння будаўніцтва БелАЭС
Пасол Расеі ў Беларусі Міхаіл Бабіч 3 кастрычніка наведаў пляцоўку будаўніцтва Беларускай атамнай электрастанцыі пад Астраўцом (Гарадзенская вобласць), паведамляе прэс-служба расейскага пасольства ў Менску.
Падчас візіту Бабіч абмеркаваў з кіраўніцтвам генеральнага падрадчыка будаўніцтва станцыі — кампаніі „Атамбудэкспарт” (складнік кампаніі „АСЭ”, якая ўваходзіць у інжынірынгавы дывізіён расійскай дзяржкарпарацыі „Расатам”) ход будаўніцтва БелАЭС і тэрміны завяршэння праекта.
На перамовах у Сочы 21 верасня з удзелам Аляксандра Лукашэнкі і Уладзіміра Пуціна абмяркоўвалася пытанне аб працягу тэрміну вяртання крэдыту на будаўніцтва Беларускай АЭС і зніжэнні працэнтнай стаўкі. Лукашэнка растлумачыў паводле вынікаў сустрэчы, што тэрміны будаўніцтва расійскім бокам парушаныя.
„Пакуль адкладаецца запуск першага блока аж на год, — адзначыў ён. — Баюся, як мяне інфармуюць кантралёры, што, магчыма, Расія папросіць яшчэ зрушэння гэтага тэрміну, што ўжо наогул недапушчальна. І калі тэрміны былі сарваныя (мы, вядома, не хочам ісці ў суды, судзіцца, як гэта паводле дагавора), мы дамовіліся аб тым, што тэрмін вяртання крэдыту трэба працягнуць. І працэнтная стаўка павінна быць не горшая, чым для іншых дзяржаў. Да прыкладу Арменіі, Бангладэш, Венгрыі і гэтак далей. < …> Гэта прыкладна да 3% (аб зніжэнні стаўкі па крэдыце). Непрыняцця ніякага. Трэба проста дапрацаваць гэтае пытанне. І я думаю, што мы можам вырашыць гэтае пытанне ў тым ключы, у якім я сказаў”.
На наступны дзень пасля перамоў старшы віцэ-прэзідэнт па збудаванні станцыі інжынірынгавай кампаніі „АСЭ” Сяргей Алонцаў паведаміў журналістам, што работы па ўзвядзенні першага і другога энергаблокаў БелАЭС ідуць па графіку.
Беларуская АЭС будуецца пад Астраўцом (Гродзенская вобласць) за кошт крэдыту Расіі паводле тыпавога расійскага праекта ВВЭР-1200. Крэдытная лінія да 10 млрд долараў на будаўніцтва станцыі адкрытая да 2035 года. Пастаўка ядзернага паліва на БелАЭС чакаецца ў лістападзе 2018 года. Увод у эксплуатацыю першага энергаблока запланаваны на снежань 2019 года, другога — на ліпень 2020-га.