Балгарыя ўвяла забарону на ўвоз украінскага збожжа
Балгарыя ўвяла часовую забарону на ўвоз украінскага збожжа, акрамя транзіту, абвясціў в.а. абавязкі прэм’ер-міністра Гылыб Донеў, паведамляе ВВС. “За апошні год значная колькасць прадуктаў засталася ў краіне і парушыла харчовыя ланцужкі”, — заявіў ён. Донеў падкрэсліў, што Балгарыя застаецца салідарнай з Украінай, але “банкруцтва балгарскіх вытворцаў ніякім чынам не будзе спрыяць” Украіне.
У той жа час Венгрыя пашырыла пералік забароненых да ўвозу катэгорый украінскай сельгаспрадукцыі, дадаўшы віно, хлеб, цукар і мёд. Раней Польшча на фоне масавых пратэстаў фермераў абмежавала транзіт украінскага збожжа праз сваю тэрыторыю.
Што адбываецца з пластыкавымі картамі і чаму здарыўся дэфіцыт?
Чытачы Myfin.by звярнулі ўвагу на праблемы з афармленнем некаторых пластыкавых карт у БНБ-Банку, у тым ліку Mastercard. У банку патлумачылі сітуацыю і расказалі, чаго чакаць бліжэйшым часам.
“За апошні год істотна ўскладнілася лагістыка загатовак банкаўскіх пластыкавых карт. Іх асноўныя вытворчасці знаходзяцца далёка ад Беларусі: падоўжыліся ланцужкі паставак, і звыклыя тэрміны дастаўкі сталі істотна большымі. Попыт на картачкі БНБ-Банка сапраўды вялікі і працягвае расці. Паток кліентаў перавысіў нашы чаканні і асобныя загатоўкі карт скончыліся крыху раней за вызначаны тэрмін”, – патлумачылі ў банку.
Праўда, у наяўнасці ёсць картачкі плацежнай сістэмы Белкарт і прэміяльныя карты Visa. Абяцаюць, што ў хуткім часе з’явяцца і загатоўкі Mastercard.
Мабільным аператарам дадуць права выдаваць пазыкі
Аператарам сотавай сувязі плануюць даць права выдаваць пазыкі грамадзянам на спажывецкія патрэбы на суму не больш за 200 базавых велічынь (на сёння гэта 7400 рублёў). Пра гэта заявіў старшыня праўлення Нацбанка Павел Калаўр падчас сумеснага пасяджэння дзвюх палат парламента, піша БелТА. “З аднаго боку, гэта дазволіць забяспечыць падвышэнне доступу фізічных асоб да фінансаў. З іншага боку, прапанова мікрапазык з выкарыстаннем лічбавых тэхналогій, правядзеннем адпаведнай ідэнтыфікацыі пазычальніка выведзе мікрафінансаванне на новы ўзровень, які адпавядае цяперашнім рэаліям”, — адзначыў Калаўр.
“Белавія” адкрывае прамы рэйс у Мурманск
Першы палёт самалётам авіякампаніі “Белавія” з Менска ў Мурманск, найбуйнейшы горад свету за Палярным колам, запланаваны на 23 траўня, паведамляе прэс-служба авіяперавозчыка. Кошт палёту ў адзін бок пачынаецца ад 134 еўра, у абодва – ад 244 еўра (тарыф Light). Палёты будзе здзяйсняць самалёт “Эмбраэр 195”.
Працягласць рэйсу з Менску ў запалярны горад складзе менш за тры гадзіны. “Мы разлічваем, што гэты маршрут стане запатрабаваным у прадстаўнікоў бізнесу”, – заявіў гендырэктар “Белавія” Ігар Чаргінец. Паводле яго, новы кірунак арыентаваны таксама на транзітных пасажыраў і на турыстаў, якія аддаюць перавагу “нетрывіяльным маршрутам”.
Беларускае Радыё Рацыя.
Фота shutterstock.com/Photoagriculture