„Банк БелВЭБ” стаў выдаваць анлайн-крэдыты малому і сярэдняму бізнесу
„Банк БелВЭБ” пачаў выдаваць анлайн-крэдыты для малога і сярэдняга бізнесу, гаворыцца ў паведамленні банка.
Заяўкі разглядаюцца на працягу дзвюх хвілін. Анлайн-крэдыт „Файныя грошы анлайн” індывідуальныя прадпрымальнікі і кампаніі могуць прыцягнуць для фінансавання сваёй бягучай дзейнасці.
„Апошнім часам узрос попыт на аператыўнае задавальненне фінансавых патрэбаў кампаній МСБ”, — адзначыў выканаўчы дырэктар „Банка БелВЭБ” Віктар Апанасік, якога цытуе прэс-служба банка.
На яго думку, анлайн-крэдыты будуць запатрабаваныя тымі прадпрымальнікамі, каму патрэбныя „хуткія” ці „кароткія” грошы для фінансавання абаротнага капіталу. „Да прыкладу, прадпрыемствам аптовага і рознічнага гандлю”, — выказаў меркаванне Апанасік.
Анлайн-крэдыт афармляецца без залогу і паручыцельства на тэрмін да 60 дзён. Максімальная сума фінансавання — 100 тыс. рублёў.
Паводле папярэдніх ацэнак банка, анлайн-крэдытаванне МСБ да канца года будзе складаць да 20-25% фінансавання ў бягучую дзейнасць. У 2021 годзе „Банк БелВЭБ” плануе зрабіць даступнымі ў рэжыме анлайн да 100% аперацый.
Раней анлайн-крэдыты малому бізнесу ў Беларусі выдзяляў „Белгазпрамбанк”, які разглядаў крэдытныя заяўкі на працягу хвіліны і мог пералічыць кліенту на разліковы рахунак да 50 тыс. рублёў.
„Банк БелВЭБ” („Белзнешэканамбанк”) быў заснаваны ў 1991 годзе, па памеры актываў і капіталу ўваходзіць у пяцёрку найбуйнейшых банкаў Беларусі. Галоўны акцыянер — расійская дзяржаўная карпарацыя „ВЭБ.РФ”, якой належыць больш за 97% акцый „Банка БелВЭБ”.
Аб’ём карпаратыўнага крэдытнага партфеля на 1 студзеня 2020 года склаў 3 млрд 7,9 млн беларускіх рублёў у эквіваленце (рост на 13,2%). Аб’ём рознічнага крэдытнага партфеля дасягнуў 338,5 млн беларускіх рублёў (рост за год на 35,6%).