„Банк БелВЭБ” закрывае 11 цэнтраў рознічнага бізнесу
„Банк БелВЭБ”, адзін з сістэмаўтваральных банкаў Беларусі, прыняў рашэнне закрыць 11 цэнтраў рознічнага бізнесу.
У паведамленні банка гаворыцца, што такое рашэнне прынятае „ў сувязі з актыўным развіццём дыстанцыйных каналаў абслугоўвання і анлайн-паслуг, а таксама ў сувязі са зменай стратэгіі банка і падыходаў да фармату абслугоўвання”.
З 29 кастрычніка ў Менску, а таксама ў Барысаве будуць закрытыя па два цэнтры рознічнага бізнесу. Па адным спыняць працу ў Брэсце, Пінску, Магілёве, Бабруйску, Лідзе, Оршы і Маладзечне.
Як паведамлялася, летам гэтага года акцыянеры „Банка БелВЭБ” (беларускі банк уваходзіць у расейскую Групу ВЭБ.РФ) прынялі рашэнне „рэзка скарачаць выдаткі”. Пасля пасяджэння праўлення, якое адбылося ў канцы ліпеня, беларускі банк звярнуўся да працоўнага калектыву і фактычна анансаваў кадравую аптымізацыю.
На думку экспертаў, працэсы па скарачэнні колькасці работнікаў беларускіх банкаў і іх тэрытарыяльнай сеткі будуць працягвацца.
„Адаптацыя бізнес-мадэляў да зменлівых умоў аперацыйнага асяроддзя, у прыватнасці з улікам лічбавання банкаўскага бізнесу — працэс непазбежны і закранае ўсю індустрыю, а не толькі асобныя банкі”, — адзначыла ў каментары БелаПАН старэйшы дырэктар маскоўскага офіса міжнароднага рэйтынгавага агенцтва Fitch Ratings Вольга Ігнацьева.
Паводле меркавання экспертаў, пра кадравую аптымізацыю сёння задумваюцца не толькі банкі Беларусі, але і ўсёй постсавецкай прасторы, прыбытковасць якіх апынулася пад націскам з-за даволі высокіх выдаткаў.