Банк развіцця будзе размяшчаць рублёвыя еўрабонды на 500 млн рублёў



Банк развіцця рыхтуе размяшчэнне рублёвых еўрабондаў на знешнім рынку на 500 млн рублёў, паведаміў журналістам 21 мая старшыня праўлення банка Сяргей Румас.

„У чэрвені пытанне аб размяшчэнні еўрабондаў плануем вынесці на наглядальны савет банка”, — распавёў Сяргей Румас, адказваючы на пытанне БелаПАН.

Ён адзначыў, што сума дэбютнага выпуску папярэдне вызначаная. „Мы плануем прыцягнуць 500 млн рублёў за кошт размяшчэння еўрааблігацый”, — паведаміў Румас.

Мяркуецца, што купляць аблігацыі інвестары будуць за замежную валюту, але пры гэтым даўгавыя паперы будуць намінаваныя ў беларускіх рублях, і менавіта ў нацыянальнай валюце сродкі ад размяшчэння атрымае Банк развіцця.

Раней кіраўнік Банка развіцця адзначаў, што пры пагашэнні еўрабондаў у Банка развіцця будзе абавязацельства канвертаваць рублі ў тую замежную валюту, у якой інвестары-нерэзідэнты іх куплялі.

Прадугледжваецца таксама, што даходнасць па гэтых даўгавых паперах будзе знаходзіцца ў межах стаўкі рэфінансавання, а прыцягнутыя рэсурсы Банк развіцця мае намер накіраваць на куплю тэхнікі з наступнай яе перадачай у лізінг.

ААТ „Банк развіцця Рэспублікі Беларусь” — спецыялізаваны фінансавы інстытут, створаны ў адпаведнасці з указам прэзідэнта ад 21 чэрвеня 2011 года.

Банк займаецца фінансаваннем праектаў, уключаных у дзяржаўныя праграмы; інфраструктурных праектаў, а таксама праектаў, звязаных з фінансаваннем экспартных аперацый. Акрамя гэтага, Банк развіцця праз камерцыйныя банкі накіроўвае рублёвыя рэсурсы на крэдытную падтрымку праектаў у сферы малога і сярэдняга бізнесу.  БелаПАН