Банк развіцця выдасць крэдыт да $19,5 млн для рэканструкцыі аэрадрома Орша



 Урад узгадніў Банку развіцця выдачу ў 2020 годзе крэдыту Нацыянальнаму аэрапорту Мінск у памеры да $19,5 млн для рэканструкцыі аэрадрома Орша. Адпаведная пастанова Савета Міністраў нумар 73 ад 5 лютага 2020 года 11 лютага афіцыйна апублікавана на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале.

Нацыянальнаму аэрапорту Мінск выдадуць крэдыт у суме, што не перавышае $19,5 млн, для рэканструкцыі аэрадрома Орша з капітальным рамонтам існуючай узлётна-пасадачнай паласы, рэканструкцыяй рулёжных дарожак, будаўніцтвам аб’ектаў дапаможнага прызначэння. Акрамя таго, для рэалізацыі інвестпраекта па будаўніцтве ў Нацыянальным аэрапорце Мінск другой штучнай узлётна-пасадачнай паласы з аб’ектамі дапаможнага прызначэння Банк развіцця выдасць крэдыт у суме, што не перавышае $1,6 млн.

Крэдыты будуць выдавацца пад 3,29 працэнта гадавых у далярах ЗША і пад 5 працэнтаў гадавых у еўра. Дакументам вызначана, што 65 працэнтаў ад сумы выплачваемых працэнтаў праводзіцца за кошт сродкаў рэспубліканскага бюджэту і 35 працэнтаў – за кошт сродкаў дзяржаўнага пазабюджэтнага фонду грамадзянскай авіяцыі і пазабюджэтнага цэнтралізаванага інвестыцыйнага фонду Міністэрства транспарту і камунікацый.

belta.by