Банкаўскія ўклады насельніцтва працягваюць скарачацца
У лютым у банках знізіліся як рублёвыя, так і валютныя ўклады насельніцтва. Паводле інфармацыі БелаПАН, на 1 сакавіка ў банкаўскай сістэме аб’ём тэрміновых рублёвых укладаў насельніцтва склаў 24,3 трлн. рублёў, тэрміновых валютных дэпазітаў насельніцтва — 7,55 млрд. долараў.
За студзень—люты тэрміновыя рублёвыя ўклады насельніцтва скараціліся на 1,86 трлн. рублёў, або на 7,1%, у тым ліку за люты яны знізіліся на 368,9 млрд. рублёў, або на 1,5%.
Тэрміновыя валютныя дэпазіты насельніцтва за студзень—люты скараціліся на 1,9%, або на 142,4 млн. долараў, у тым ліку за люты — на 1,5%, або на 116,6 млн. долараў.
Варта адзначыць, што тэрміновыя рублёвыя ўклады насельніцтва ў банкаўскай сістэме скарачаюцца з чэрвеня 2015 года, тэрміновыя валютныя ўклады — з лістапада 2015 года.
Нагадаем, у лістападзе 2015 года ў Беларусі быў прыняты дэкрэт № 7, які раздзяліў ўсе банкаўскія ўклады на два віды — адзыўныя (з правам датэрміновага зняцця грашовых сродкаў) і безадзыўныя (тэрміновыя ўклады, уладальнікі якіх не маюць права забраць грашовыя сродкі да заканчэння тэрміну іх размяшчэння). Пасля прыняцця дэкрэта беларускія банкі знізілі даходнасць па адзыўных укладах.
На думку айчынных эканамістаў, нароўні з нормамі дэкрэта зніжэнне ўкладаў насельніцтва сёння тлумачыцца ўплывам на гэты працэс і іншых фактараў.
„Даходы насельніцтва ў рэальным выражэнні істотна знізіліся, і на гэтым фоне цалкам магчыма, што людзям даводзіцца расходаваць свае зберажэнні для падтрымання пэўнай якасці жыцця”, — лічыць эксперт Беларускага эканамічнага даследча-адукацыйнага цэнтра Кацярына Барнукова.
Аналітыкі фінансавага рынку не прагназуюць ў 2016 годзе росту банкаўскіх укладаў насельніцтва. Прывабнасць банкаўскіх дэпазітаў у вачах насельніцтва можа нават знізіцца з 1 красавіка, калі працэнтныя даходы фізічных асоб з кароткатэрміновых банкаўскіх укладаў (рублёвых — на тэрмін да года, валютных — на тэрмін да двух гадоў) пачнуць абкладацца падаходным падаткам.
„Даходнасць па ўкладах з улікам будучага падаткаабкладання працэнтаў будзе зніжацца. Перадумоў для павышэння працэнтных ставак па рублёвых укладах не праглядаецца, бо Нацбанк прытрымліваецца жорсткай грашова-крэдытнай палітыкі. Акрамя гэтага, даходы насельніцтва не растуць. Таму пакуль не відаць фактараў, якія маглі б спрыяць росту дэпазітаў у банкаўскай сістэме”, — канстатуе эканаміст Антон Балточка.
Фота: belrynok.by