Банкаўскія ўстановы ў Грэцыі па-ранейшаму не працуюць
Нягледзячы на абяцанне аднавіць працу пасля рэферэндуму фінансавая сістэма Грэцыі па-ранейшаму чакае вынікаў перамоваў грэцкага ўраду з крэдыторамі.
Зоя Касмадакі, беларуска, якая 12 гадоў жыве і працуе ў Грэцыі адзначае, што банкі ўсё ж ажыццяўляюць выплаты нязначных сумаў грошай:
– Кожны дзень можна здымаць пэўную суму – працоўным 60, пенсіянерам 120. Пачалі выплачваць дапамогу, якую не плацілі непрацуючым – плацяць па 120. Усе перажываем, пакуль цяжка, але Еўропе даражэй будзе, калі Грэцыя сыдзе. Канешне будзе цяжка, ніхто не кажа, што лёгка, пазыкі давядзецца аддаваць раней ці пазней.
Крызіс у Грэцыі амаль не паўплываў на турыстычны бізнес, і ў месцах адпачынку замежнікаў крызіс ёсць толькі ў СМІ, адзначае беларускі гісторык з Беластока Яўген Мірановіч, які адпачывае ў Грэцыі:
– Грэкі нармальна жывуць, бо вельмі цяжка працуюць. У крамах ад 7-й раніцы да 12-й начы прадаецца ўсё, што патрэбна турыстам. Бачна, што турысты для іх важныя, каб на гэтым зарабіць нейкія грошы.
1-га ліпеня скончыўся тэрмін аплаты Грэцыяй чарговай траншы крэдытаў для міжнародных фінансавых установаў. У нядзелю грамадзяне Грэцыі прагаласавалі супраць плану ратавання эканомікі, які прапаноўвалі ўраду Грэцыі краіны ЕЗ. Сёння мае адбыцца чарговы надзвычайны саміт ЕЗ у справе Грэцыі.
Зміцер Косцін, Беларускае Радыё Рацыя
Фота Reuters