Банкі Беларусі спынілі прыём расейскіх рублёў



Практычна ўсе пункты абмену валют і касы банкаў у Беларусі сёння, 17 снежня, спынілі прыём расейскіх рублёў для абмену. Па словах касіраў, паступіла адпаведнае распараджэнне кіраўніцтва. Аднак афіцыйна пра гэта паведаміў толькі МТБанк, які размясціў на сваім сайце адпаведнае паведамленне (рэд. – праз 30 хвілін пасля публікацыі паведамленне было выдалена).

У ім гаворыцца, што, паводле рашэння Праўлення, з 12:00 17 снежня ЗАТ „МТБанк” прыпыняе валютна-абменныя аперацыі з расейскім рублём ва ўсіх касах і ПАВ (пунктах абмену валют) банка. Пра тое, колькі будзе доўжыцца такое абмежаванне, у банку афіцыйна не паведамляюць.

Неафіцыйна ж банкіры гэтага ды іншых банкаў кажуць пра тое, што адмова ў прыёме да абмену расейскіх рублёў выклікана асцярогай сур’ёзных страт: валюта суседняй краіны абясцэньваецца так імкліва, што ў банкаўскім сектары проста не бачаць спосабаў застрахавацца ад шкоды і спадзяюцца ўстрымацца ад скупкі гэтых „рознакаляровых паперак” у насельніцтва.

Іншыя банкі, у прыватнасці, дзяржаўны „Беларусбанк”, істотна пашырылі калідор паміж курсам куплі і курсам продажу расейскіх рублёў. У прыватнасці, па дадзеных афіцыйнага сайта, сёння, 17 снежня ў сярэдзіне дня „Беларусбанк” тэарэтычна быў гатовы прадаваць расейскія рублі па 177 беларускіх, а купляць – толькі па 145. Праўда, на практыцы, як паведамляюць карыстальнікі сацыяльных сетак, нават па такім нізкім курсе здаць расейскія рублі немагчыма ні ў адным абменніку ні аднаго банка – касіры проста адмаўляюцца іх прымаць.

rur

У асабліва нязручным становішчы апынуліся грамадзяне Расеі, якія прыехалі па нейкіх справах у Беларусь. Па іх словах, ва ўмовах, калі расейскія рублі не прымае ні адзін банк, у іх няма магчымасці нават купіць ежы, не кажучы ўжо пра бензін або квіткі дадому. Адносна пашанцавала толькі трымальнікам пластыкавых карт расейскіх банкаў, якія па-ранейшаму прымаюцца да аплаты ў беларускіх крамах, аднак па якім курсе цяпер адбываецца канвертацыя – не ведаюць нават самі іх трымальнікі.

Нагадаем, учора, 16 снежня, нават у Цэнтрабанку Расеі афіцыйна прызналі сітуацыю на валютным рынку крытычнай і распавялі пра наяўнасць выбару „толькі паміж вельмі дрэннымі і вельмі-вельмі дрэннымі рашэннямі”.

by24.org