Банкі будуць перадаваць падаткавікам дадзеныя пра крэдыты беларусаў



Гэта вынікае з пастановы Міністэрства па падатках і зборах і Нацыянальнага банка, апублікаванай на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале. Эканаміст Антон Болтачка мяркуе, што ўлады робяць гэта для таго, каб узмацніць барацьбу з ценявым сектарам эканомікі, але гэта прывядзе да таго, што крэдытная гісторыя перастане быць банкаўскай таямніцай.

– Ёсць банкаўская таямніца – гэта святое правіла, якога традыцыйна прытрымліваюцца ў шматлікіх краінах, і парушаць яе ніхто не мог. Аднак Беларусь ніколі не адзначалася тым, што яна прытрымлівалася такога правіла, і тымі дзеяннямі, якія мы зараз назіраем, наша дзяржава ў чарговы раз падкрэслівае, што мы паходзім з другіх традыцыяў, якія звязаныя з умяшальніцтвам дзяржавы ў тыя сферы, да якіх яна мае зацікаўленне.

Інфармацыя пра тое, што банкі раскажуць падатковай, колькі валюты купляюць беларусы, з’явілася ў мінулым годзе. Адпаведная папраўка ў Падатковы кодэкс падрыхтавана Міністэрствам фінансаў. А з 2011 года купіць валюту ў абменніку ў Беларусі можна толькі па пашпарце.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя