Банкі чакаюць рост ставак па ўкладах насельніцтва
У банкаўскай сістэме сфарміраваліся перадумовы для росту ставак па рублёвых укладах насельніцтва, паведаміў БелаПАН топ-менеджар аднаго з банкаў.
У канцы мінулага года Нацыянальны банк, які рэгулюе рэкамендацыйнымі лістамі стаўкі па банкаўскіх укладах, папярэдзіў камерцыйныя банкі аб зняцці некаторых абмежаванняў. У прыватнасці, Нацбанк адмяніў гранічныя (максімальныя) стаўкі па рублёвых укладах насельніцтва і юрыдычных асоб, якія размяшчаюцца на тэрмін большы за год.
Як адзначаюць банкіры, да снежня 2017 года максімальная стаўка па доўгатэрміновых рублёвых укладах магла складаць 10,8% гадавых, а з новага года банкі самастойна маюць права вызначаць даходнасць па такіх дэпазітах. Банкіры чакаюць, што ў сувязі з гэтым працэнтныя стаўкі па ўкладах насельніцтва пачнуць расці.
„Залішняя рублёвая ліквіднасць сышла з сістэмы, банкі па рублях цяпер у нулявой пазіцыі або адчуваюць недахоп рублёў. Таму змаганне за рублі будзе абвастрацца”, — сказаў топ-менеджар аднаго з банкаў.
„З іншага боку, на банкі накладваецца эфект пераводу валютных крэдытаў у рублёвыя. Пазычальнікі ва ўмовах зніжэння працэнтных ставак па крэдытах мяняюць валюту прыцягнутых запазычанняў. Акрамя таго, расце спажывецкае крэдытаванне насельніцтва ў нацвалюце. Таму банкі зацікаўлены сёння ў прыцягненні рублёвых укладаў насельніцтва і будуць павышаць стаўкі па іх”, — прагназуе член праўлення аднаго з банкаў.
Прадстаўнікі банкаўскага сектара мяркуюць, што максімальныя стаўкі па доўгіх рублёвых укладах, якія да нядаўняга часу знаходзіліся ў раёне 10% гадавых, падрастуць.
„Маржынальнасць спажывецкага крэдытавання дазваляе банкам крыху падняць працэнтныя стаўкі па доўгатэрміновых дэпазітах з мэтай падвышэння іх прывабнасці. Таму стаўкі па такіх укладах могуць сфарміравацца ў хуткім часе ў раёне 13—15% гадавых”, — мяркуе эксперт БелаПАН у банкаўскіх колах.