Банкі пачынаюць тэставаць базу дадзеных аб даходах грамадзян
Міністэрства па падатках і зборах праінфармавала камерцыйныя банкі пра стварэнне інфармацыйнай базы дадзеных аб даходах грамадзянаў і запрасіла крэдытныя арганізацыі пачаць яе тэставанне.
У лісце з МПЗ у адрас камерцыйных банкаў, з якім азнаёміўся БелаПАН, ведамства нагадвае, што інфармацыйная база дадзеных аб даходах грамадзян, замежных грамадзян і асоб без грамадзянства створаная з мэтай выканання ўказа „Аб даванні безнаяўных жыллёвых субсідый”. Мяркуецца, што звесткі з гэтай базы будуць выкарыстоўвацца для аўтаматычнага давання асобам, якія маюць патрэбу, безнаяўных жыллёвых субсідый.
„З мэтай напаўнення інфармацыйнай базы звесткамі аб даходах з 1 студзеня 2019 года для арганізацый і індывідуальных прадпрымальнікаў, якія выплачваюць фізічным асобам даходы, законапраектам, што ўносіць змены і дапаўненні ў Падатковы кодэкс, прадугледжана ўвядзенне абавязку па падаванні ў электронным выглядзе на партал МПЗ звестак аб даходах фізічных асоб”, — гаворыцца ў лісце МПЗ.
Міністэрства звяртае ўвагу, што аб інфармацыі, якую трэба будзе перадаваць у новую базу МПЗ, можна азнаёміцца на сайце ведамства.
„Запрашаем узяць удзел у тэставанні створанага праграмнага прадукту. Заўвагі і прапановы па форме звестак аб даходах, пераліку даходаў, у дачыненні да якіх будуць падавацца такія звесткі, парадку запаўнення звестак аб даходах, а таксама аб тэхнічнай рэалізацыі створанага праграмнага прадукту просім падаць у міністэрства”, — гаворыцца ў лісце МПЗ.
Між тым бізнес-супольнасць Беларусі выступае супраць увядзення новай абавязковай справаздачнасці, якую першапачаткова планавалася зрабіць штоквартальнай.
„Выклікае неразуменне патрабаванне па падаванні з наступнага года ў падатковыя органы дадзеных (у электронным выглядзе) у дачыненні да кожнага работніка пра ягоныя прыбыткі, выплачаныя за супрацоўніка падаткі, дадзеныя яму льготы і вылікі (стандартныя, маёмасныя, прафесійныя)”, — заявіла дырэктар Бізнес-саюза прадпрымальнікаў і наймальнікаў імя Куняўскага Жанна Тарасевіч, выступаючы ў жніўні на Рэспубліканскім клубе дырэктараў.
На яе думку, увядзенне новага віду абавязковай справаздачнасці „прывядзе да сур’ёзнага падвышэння выдаткаў бізнесу па дапрацоўцы праграмнага забеспячэння”.
„Хоць фактычна ўсю патрэбную інфармацыю ўжо атрымлівае Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва. Наяўную ў яго базу трэба толькі дапоўніць двума радкамі. Чаму няма ўзаемадзеяння паміж дзяржорганамі?” — задала рытарычнае пытанне Жанна Тарасевіч.
Рэагуючы на крытыку дзелавой супольнасці, намеснік міністра па падатках і зборах Эла Сяліцкая дала зразумець на прэс-канферэнцыі ў жніўні, што ўлады, магчыма, пойдуць на саступкі бізнесу, і новую абавязковую справаздачнасць трэба будзе падаваць не штоквартал, а штогод.