Банкі пераходзяць на новыя ўмовы куплі-продажу валюты



У сувязі з пераводам валютных таргоў на біржы на рэжым двайнога аўкцыёну банкі праінфармавалі сваіх кліентаў пра новыя ўмовы куплі-продажу замежнай валюты з 1 чэрвеня. На думку экспертаў, новы механізм курсаўтварэння прывядзе да павелічэння ступені ваганняў курсу беларускага рубля.

Даляр

Напярэдадні афіцыйнага запуску новага рэжыму біржавых таргоў камерцыйныя банкі Беларусі накіравалі лісты прадпрыемствам, у якіх папярэдзілі пра новы парадак куплі-продажу замежнай валюты.

„З 1 чэрвеня 2015 года суб’ектам гаспадарання будзе даступны толькі пазабіржавы валютны рынак, на якім яны змогуць ажыццяўляць аперацыі з банкам”, — падкрэсліваецца ў лісце кліентам „БПС-Ашчадбанка”.

Пры гэтым камерцыйны банк звяртае ўвагу прадпрыемстваў на тое, што курсы на пазабіржавым рынку будуць залежаць ад вынікаў таргоў на іншых сегментах валютнага рынку, і могуць мяняцца на працягу дня.

„Пры правядзенні аперацый на пазабіржавым валютным рынку банк будзе ўстанаўліваць курсы з улікам як курсаў куплі-продажу замежнай валюты, што склаліся на таргах на біржы, так і курсаў на міжбанкаўскім валютным рынку. Змяненні курсаў на згаданых вышэй сегментах фінансавага рынку на працягу дня будуць прыводзіць да змянення курсаў банка”, — гаворыцца ў лісце „БПС-Ашчадбанка”.

У лісце згадваецца, што з 1 чэрвеня 2015 года ўдзельнічаць у таргах на біржы ў рэжыме двайнога аўкцыёну змогуць толькі банкі, якія ад свайго імя і за свой кошт будуць купляць і прадаваць замежную валюту. На біржы таксама прадугледжаны абавязковы продаж банкамі 30% валютнай выручкі, якая паступае на рахункі экспарцёраў.

Аперацыі з удзелам юрыдычных асоб і індывідуальных прадпрымальнікаў, не звязаныя з ажыццяўленнем абавязковага продажу, будуць ажыццяўляцца на пазабіржавым сегменце валютнага рынку, гэта значыць наўпрост паміж кліентамі і банкамі. Такім чынам, з 1 чэрвеня 2015 года валютныя таргі будуць ажыццяўляцца на трох сегментах рынку — біржавым, пазабіржавым, міжбанкаўскім.

Нагадаем, рашэнне аб пераводзе біржавых таргоў ад рэжыму фіксінгу да рэжыму бесперапыннага двайнога аўкцыёну Нацбанк прыняў у маі. У параўнанні з рэжымам фіксінгу, пры якім усе здзелкі па адной замежнай валюце ажыццяўляюцца па адным і тым жа курсе, падчас таргоў у рэжыме бесперапыннага двайнога аўкцыёну курсы заключаных здзелак могуць адрознівацца.

Эксперты прагназуюць, што пераход да рэжыму бесперапыннага двайнога аўкцыёну прывядзе да павелічэння ступені ваганняў курсу беларускага рубля. Фінансавыя аналітыкі чакаюць, што на першых парах рызыкі, звязаныя з ваганнямі каціровак, банкі будуць закладваць у курс.

„У буйных расейскіх банках розніца паміж купляй і продажам замежнай валюты складае ад трох да шасці працэнтаў. У нас сёння спрэд складае каля паўтара-двух працэнтаў і можа на першых парах вырасці да расійскага ўзроўню. Аднак канкурэнцыя паміж банкамі за кліентаў будзе прыводзіць да таго, што розніца паміж купляй і продажам замежнай валюты будзе памяншацца”, — прагназуе фінансавы аналітык даследчай групы BusinessForecast.by Аляксандр Муха.

На думку экспертаў фінансавага рынку, беларускія ўлады перайшлі на новы рэжым курсаўтварэння ў сувязі з патрабаваннямі міжнародных фінансавых арганізацый. „Крэдыторы, у якіх Беларусь разлічвае прыцягнуць новыя пазычанні, даўно настойвалі на больш гнуткім абменным курсе, і пераход на таргі ў рэжыме двайнога аўкцыёну — крок у гэтым кірунку”, — зазначыў у каментары БелаПАН старшы аналітык Forex Club Валерый Палхоўскі.

Нагадаем, Антыкрызісны фонд ЕўрАзЭС, да якога беларускія ўлады ў сакавіку звярнуліся з заявай на атрыманне новага крэдыту, на мінулым тыдні прывітаў пераход Беларусі на біржавыя таргі ў рэжыме двайнога аўкцыёну.

belapan.by