Банкі знізілі стаўкі па ашчадных картах



Усе беларускія банкі знізілі стаўкі па ашчадных картах. Гэтае рашэнне прынята па рэкамендацыі Нацбанка, паведамляюць сваім кліентам камерцыйныя банкі.

У паведамленні банкаў гаворыцца, што з 15 студзеня стаўка па рублёвых ашчадных картах зніжаная з 15% да 3% гадавых, па валютных ўстаноўленая на ўзроўні 0,2% гадавых.

Сродкі, якія кліенты захоўвалі на ашчадных картах, банкі прапануюць размяшчаць на тэрміновых дэпазітах.

Так, „Белаграпрамбанк” у мінулую пятніцу адначасова са зніжэннем ставак па ашчадных картах вывеў новы тэрміновы адзыўны ўклад @gro ў беларускіх рублях, размясціць які трымальнікі плацежных картак могуць, не выходзячы з хаты або офіса.

Падобныя прапановы вывелі на рынак і іншыя банкі. Так, беларускі „Альфа-Банк” на мінулым тыдні „ў якасці альтэрнатывы” ашчадным карткам прапанаваў іх трымальнікам аформіць новы адзыўны ўклад.

Беларускія эканамісты адзначаюць, што ашчадныя карты, стаўкі па якіх за апошні месяц рэзка знізіліся (з 25% да 3%), былі найбольш зручным прадуктам для насельніцтва.

„Галоўны плюс ашчадных картак складаўся ў тым, што можна было захоўваць зберажэнні, атрымліваць даход, і ў любы момант у выпадку неабходнасці зняць грошы з рахунку”, — канстатуе эксперт Беларускага эканамічнага даследча-адукацыйнага цэнтра (BEROC) Кацярына Барнукова.

На думку фінансавых аналітыкаў, рэкамендацыя Нацбанка рэзка знізіць стаўкі па ашчадных картах абумоўленая рэалізацыяй прынятага ў лістападзе 2015 года дэкрэта № 7, які матывуе ўкладчыкаў размяшчаць сродкі ў банках на працяглы тэрмін.

„Нацбанк раней прадэклараваў, што банкаўская сістэма зацікаўлена ў сродках насельніцтва, якія размешчаныя на працяглы тэрмін. У гэтым сэнсе ашчадныя карты, сродкі з якіх кліенты маглі зняць у любы момант, не ўпісваліся ў новыя правілы гульні на дэпазітным рынку”, — лічыць старэйшы аналітык форэкс-брокера Forex Сlub Валерый Палхоўскі.

БелаПАН