Банкіры: Адключэнне Беларусі ад SWIFT тоіць у сабе негатыўныя наступствы



 Адключэнне беларускіх банкаў ад міжнароднай міжбанкаўскай сістэмы перадачы інфармацыі і ажыццяўлення плацяжоў (SWIFT) будзе мець шэраг негатыўных наступстваў для Беларусі. Такое меркаванне ў каментарыі БелаПАН выказалі прадстаўнікі банкаўскага сектара.

Нагадаем, абмеркаваць на міжнародным узроўні пытанне адключэння беларускіх банкаў ад SWIFT прапанавала экс-кандыдат у прэзідэнты Святлана Ціханоўская. Гэтая мера разглядаецца ў рамках пакета мер па ўзмацненні ціску на беларускія ўлады.

На думку беларускіх банкіраў, у выпадку адключэння банкаў Беларусі ад SWIFT стануць больш складанымі міжнародныя разлікі (плацяжы) у замежных валютах (доларах і еўра).

„Альтэрнатывай сістэме SWIFT з’яўляецца „старажытная” сістэма Telex, якой мы адмовіліся карыстацца з-за працаёмкасці”, — сказаў БелаПАН топ-менеджар аднаго з банкаў.

Тэарэтычна, кажуць банкіры, разлікі (пераводы) у замежнай валюце можна арганізаваць праз карэспандэнцкія рахункі беларускіх банкаў у банках- нерэзідэнтах.

„Гэта зрабіць можна, але складана. Усё будзе дорага, доўга, з дадатковымі рызыкамі”, — мяркуе суразмоўца ў банкаўскіх колах.

Пры гэтым удзельнікі фінансавага рынку не вераць, што беларускія банкі адключаць ад сістэмы SWIFT, так як раней падобныя санкцыі прымяняліся толькі да краін, якія спрабавалі стварыць зброю масавага паражэння (Паўночная Карэя і Іран).

Сцэнарый адключэння беларускіх банкаў ад SWIFT бачыцца як малаверагодны, заявілі БелаПАН топ-менеджары некалькіх банкаў.

У той жа час прадстаўнікі банкаў пацвердзілі, што па рашэнні Нацбанка яны падключаюцца да расейскай сістэмы перадачы фінансавых паведамленняў Цэнтрабанка Расеі (СПФС Сэрвіс-бюро), якая дазваляе ажыццяўляць узаемаразлікі ў расейскіх рублях.

У Нацыянальным банку БелаПАН паведамілі, што ў цяперашні час шэсць беларускіх банкаў ужо падключыліся да Сэрвіс-бюро і яшчэ 10 банкаў знаходзяцца ў працэсе падключэння або ў чаканні ўключэння расейскім бокам іх у даведнік удзельнікаў СПФС.

belapan.by