Баранавіцкія прадпрымальнікі адтэрмінавалі паездку ў Менск
Баранавіцкія індывідуальныя прадпрымальнікі сабралі 300 подпісаў пад лістом, у якім выказваюць сваю нязгоду з указам прэзідэнта №222. Сёння яны сустрэліся з прадстаўніцай мясцовага аддзялення працы і занятасці. Гаворыць Мікола Чарнавус:
– Мы папрасілі іх, каб яны нам патлумачылі гэта. Мы ж засталіся без працы. Што цяпер і як? Яна сказала, што ў нашым горадзе 350 чалавек беспрацоўных. А мы будзем беспрацоўнымі тады, калі здадзім пасведчанні. А іх здаць – гэта яшчэ 6-9 месяцаў чакаць, уявіце сабе. Толькі пасля паставяць нас на ўлік і дадуць гэтыя 10 даляраў. Вось так і жывём.
300 подпісаў пад лістом, у якім прадпрымальнікі выказалі сваю нязгоду з указам нумар 222, хацелі асабіста завезці кіраўніку краіны. Аднак у звязку з візітам Пуціна у Менск вырашылі свой ліст адправіць па пошце.
Анна Шайкоўская, Беларускае Радыё Рацыя
* * *
Чакаецца, што сёння дэлегацыя баранавіцкіх “індывідуальных прадпрымальнікаў накіруецца ў Адміністрацыю прэзідэнта.
1 ліпеня каля 300 індывідуальных прадпрымальнікаў Цэнтральнага гарадскога рынку пачалі калектыўны страйк, каб выказаць сваю нязгоду з указам прэзідэнта № 222. Людзі арганізавана рушылі з цэнтральнага каапрынку на сустрэчу з кіраўніцтвам горада, дзе да іх далучыліся прадпрымальнікі з Палескага рынку. Прадпрымальнікі занялі вялікую залу гарвыканкама, але ніхто з мясцовых чыноўнікаў не адважыўся выйсці з імі на сустрэчу.
Прадпрымальнікі вырашылі, што калі гарадская адміністрацыя з імі не хоча сустрэцца, то трэба ехаць у Менск. Большасць вырашыла 2 ліпеня пайсці ў гарадскі цэнтр занятасці, каб зарэгістравацца беспрацоўнымі.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота belsmi.narod.ru