Барацьба з беспрацоўем у Пінску
У Пінску Упраўленне па працы, занятасцi i сацыяльнай абароне рыхтуе для беспрацоўных гараджанаў і тых, хто шукае працу, вялікі кірмаш вакансіяў. Сустрэчу працадаўцаў і патэнцыйных працоўных зладзяць у чацвер.
Такі фармат досыць эфектыўны, таму «кірмашы вакансіяў» намагаемся ладзіць рэгулярна, – адзначае прадстаўніца Цэнтра занятасці Кацярына Жуковіч:
– Кірмашы мы праводзім, вядома, для нашых грамадзянаў дзеля таго, каб дапамагчы ім у працаўладкаванні. Гэта ўжо сёмы па ліку кірмаш сёлета, праведзена ў нас ужо чатыры міні-кірмашы. Канешне, наша галоўная місія і мэта – гэта працаўладкаванне, таму што ў горадзе, у прынцыпе, сітуацыя дастаткова напружаная. Мы прыкладаем усе намаганні для працаўладкавання грамадзянаў і праводзім вось такія мерапрыемствы як кірмашы вакансіяў.
Па інфармацыі Цэнтра занятасці ў Пінску па стане на 9 верасня ёсць 1163 вакансіяў, пераважна гэта прафесіі будаўнічай сферы, гандлю, абслугоўвання.
Беларускае Радыё Рацыя