Міністр аховы здароўя паабяцаў не абмяжоўваць пацыентаў у выбары лекаў



У аптэках будзе забяспечаны поўны асартымент лекаў як беларускай, так і імпартнай вытворчасці, заявіў міністр аховы здароўя Беларусі Васіль Жарко на прэс-канферэнцыі ў Менску. „Пацыент мае права выбару айчыннага або імпартнага лекавага сродку,” – дадаў ён.

Міністр адзначыў, што просіць фармацэўтычных работнікаў даводзіць да пацыентаў інфармацыю аб наяўнасці аналагічных беларускіх і імпартных лекаў, коштах на іх, а таксама тое, што яны «па сваёй структуры і дзеянню супастаўныя».

«Калі няма сваёй вытворчасці, то прысутнічаюць або арыгінальныя, або джынерыкі імпартнай вытворчасці. Яны прысутнічалі і будуць прысутнічаць. Ніякіх абмежаванняў няма, але кошт нашага лека ў разы меншы», – сказаў Жарко.

Міністр таксама растлумачыў, што цэны на беларускія лекавыя сродкі не павышаюцца, калі ў іх няма імпартных кампанентаў. Кошт імпартных лекаў таксама застаецца ранейшым, але ў далярах ці еўра.

Міністр адзначыў, што ў Беларусі выпускаецца больш за 1300 найменняў лекаў, прычым больш за 400 з іх асвоена за апошнія гады.

Што ж тычыцца ўзмацнення жорсткасці правіл водпуску ў аптэках рецептурных прэпаратаў, то, па словах міністра, гэта было зроблена з мэтай прадухіліць «вэрхал у аптэках»: «Прыходжу – а лечыць не лекар, а фармацэўт або правізар. Такое недапушчальна. Толькі лекар мае права прызначыць правільнае лячэнне і нясе адказнасць за гэта», – падкрэсліў міністр аховы здароўя.

* * *

Закона аб поўнай забароне на выпісванне рэцэптэў з імпартнымі лекамі яшчэ не выйшаў, але намеснік міністра здравааховы Вячаслаў Шыла дае рэкамендацыі лекарам рабіць стаўку менавіта на айчынныя прэпараты.

Медык са Слоніма Іван Шэга ў сваю чаргу адзначае, што беларускія прэпараты адрозніваюцца ад імпартных аналагаў, і далёка не ў лепшы бок.

– Сістэма будзе такая: скажуць выпісваць лекарам толькі беларускія аналагі, якія ёсць у наяўнасці. А праверыць у аптэцы па рэцэптах лёгка, хто што выпісвае. І будуць лекары выпісваць беларускія прэпараты. Але тэрапеўты кажуць, што па якасці яны саступаюць замежным аналагам, і пабочных дзеянняў больш. 

Лабіраваць інтарэсы айчынных лекаў правільна і абгрунтавана, лічаць у міністэрстве здравааховы, а намеснік міністра здравааховы Вячаслаў Шыла прыводзіць і лічбы. Згодна з імі ў Беларусі штогод выпуск беларускіх лекаў павялічваецца – сёлета плануецца зарэгістраваць яшчэ 100 адзінак.

Нагадаем, Аляксандр Лукашэнка загадаў да канца года на палову забяспечыць рынак краіны беларускімі лекамі. Сёння, як адрапартаваў Вячаслаў Шыла, ужо больш за 40% лекаў у краіне – беларускай вытворчасці.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя