Барыс Жаліба: Беларусь знаходзіцца ў фінансавай пірамідзе
Эканаміст Барыс Жаліба распавядае пра тое, чаму расейскі крэдыт небяспечны для беларускай эканомікі.
Як паведаміў міністр фінансаў Расеі Антон Сілуанаў, Беларусь атрымае расейскі дзяржаўны крэдыт у памеры да 600 млн. даляраў. Паводле яго слоў, гэтыя грошы пойдуць на рэфінансаванне плацяжоў у пагашэнне асноўнага доўгу па раней прадастаўленых Масквой пазыках.
Барыс Жаліба: Гатовасць Расеі даць крэдыт паказвае, што пасля пэўнай напружнасці ў беларуска-расейскіх стасунках і ўзаемных выпадаў з нагоды кампенсацыі Масквой падатковага манеўра і іншых супярэчнасцей, Расея вырашыла зрабіць крок насустрач.
Зрэшты, такая сітуацыя складваецца не ўпершыню, калі спачатку Расея і Беларусь канфліктуюць, а затым Крэмль ідзе на саступкі, разумеючы, што яму не патрэбна “даводзіць да ручкі” фінансавую сістэму саюзніка.
Натуральна, беларускія ўлады парадуюцца чарговаму крэдыту, бо чвэрць дзяржаўных даўгоў рэфінансуюцца. І зараз мы бярэм грошы ў Расеі, каб вярнуць іх Расеі, каб пагасіць старыя крэдыты. Адным словам, сцэнар стасункаў саюзнікаў не змяняецца – Масква працягвае падтрымліваць эканоміку Беларусі.
РР: Атрымліваецца, што Беларусь трапляе яшчэ ў большую эканамічную залежнасць ад Расеі?
Барыс Жаліба: Безумоўна. Унутраныя і знешнія дзяржаўныя даўгі паступова растуць. Мы не можам сцвярджаць, што ўсе 600 мільёнаў даляраў пойдуць на рэфінансаванне, магчыма, частка крэдыту накіруюць і на іншыя мэты, але асноўная частка грошай вернецца ў Расею.
І, як бачым, даўгавая вяроўка зацягваецца ўсё больш і больш. Беларусь працягвае знаходзіцца ў так званай фінансавай пірамідзе – бярэ новыя крэдыты, каб аддаць старыя. Калі ўлічваць, што знешні доўг у нас у валюце, а ўнутраны – на 80 адсоткаў у валюце (і дадаць сюды так званыя гарантыі ўрада пад замежныя крэдыты), то агульная сума запазычанасцей дасягнула да 50 адсоткаў унутранага валавога прадукта. Для такіх краін, як Беларусь, гэтая рыса з’яўляецца небяспечнай.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя