Барыс Жаліба: Беларусы ўжо не вераць уладам…



Эканаміст Барыс Жаліба тлумачыць, чаму сёння беларускія банкі апынуліся ў складаным стане.

“Беларусбанк” прыпыніў прыём заяваў на льготнае крэдытаванне будаўніцтва жылля, у тым ліку ад шматдзетных сем’яў. Тэрміны аднаўлення льготнага іпатэчнага крэдытавання не называюцца.

Барыс Жаліба: У банкаў зараз дэфіцыт рэсурсаў – дэпазітаў насельніцтва і прадпрыемстваў. Гэта следства апошніх палітычных падзей. Многія ўкладчыкі, калі беларускі рубель пачаў імкліва абвальвацца, пачалі раней часу забіраць дэпазіты. Таму рублёвыя зберажэнні забіралі і мянялі на валюту.

РР: Але забіралі і валютныя дэпазіты…

Барыс Жаліба: Беларусы не вераць словам пасля таго, як улады іх падманулі ў 2011 годзе. Тады ж абяцалі, што ніякай дэвальвацыі не будзе, а ў выніку рубель абясцэніўся аж у тры разы.

І зараз у нестабільнай сітуацыі многія мяркуюць, што нават валютныя дэпазіты рызыкоўна трымаць у банках, бо хто дасць гарантыю, што заўтра іх не замарозяць ці не аддадуць у рублях? У нашай краіне, дзе законамі кіруюць улады, усё магчыма. Як захочуць – так і зробяць, і ніякі закон ім не будзе перашкодай. А таму людзі, навучаныя горкім вопытам, і пабеглі ў банкі здымаць уклады. Пачалася паніка, што небяспечна для банкаўскай сістэмы. І іх выратоўвае пакуль тое, што 5 мільярдаў рублёў у банках – гэта дэпазіты, якія нельга адклікаць раней часу.

Тым не менш, дэфіцыт рэсурсаў востра адчуваецца і на міжбанкаўскім рынку, дзе банкі купляюць адзін у аднаго гэтыя рэсурсы, рэзка падскочылі адсоткі. Не маючы рэсурсаў, банкі і пачалі адмяняць выдачу крэдытаў насельніцтву на будаўніцтва жылля, і пакуль немагчыма сказаць, які час гэтая сітуацыя працягнецца.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя