Барыс Жаліба: Без крэдытаў эканоміка доўга не працягне



Эканаміст Барыс Жаліба патлумачыў, чаму сёння беларускай эканоміцы неабходны знешнія крэдыты.

Аляксандр Лукашэнка падчас сустрэчы з дзяржаўным сакратаром Саюзнай дзяржавы Рыгорам Рапотам выказаўся пра заходнія санкцыі так: “Расею, гэдак жа як і нас, усе спрабуюць напалохаць нейкімі санкцыямі. Я так прыкінуў, божа мой, чаго мы трымцім і парымся. Мы можам усё пралічыць і цалкам сябе забяспечыць”.

Барыс Жаліба: Пражыць, безумоўна, можна ў любых умовах, але пытанне ў тым: што гэта будзе за жыццё? Сёння ўсе эканомікі ў свеце ўзаемазвязаны. Таму, безумоўна, зараз беларускі бок найперш будзе прасіць у Пуціна грошай, бо ідзе вельмі вялікая нагрузка на эканоміку ў выглядзе выплат, якія мы павінны зрабіць за старыя даўгі.

Сітуацыя відавочная – без чарговых порцый расейскіх крэдытаў беларуская эканоміка доўга не працягне, мы прыйдзем да эканамічнага дэфолту. Таму расейскія СМІ правільна пішуць, што Лукашэнка едзе да Пуціна за грашыма. І сума называецца – каля 3 мільярдаў даляраў. Мяркую, нейкую суму дадуць, але яна будзе паступаць траншамі.

РР: Можа быць, разам і распрацуюць канцэпцыю, як можна супрацьстаяць заходнім санкцыям?

Барыс Жаліба: Думаю, размова пра гэта будзе ісці, хаця зараз заходнія санкцыі неістотныя. Расея таксама знаходзіцца пад такімі санкцыямі, таму нешта агульнае знойдуць. Іншая справа, што Расея валодае вялізнымі прыроднымі рэсурсамі, мае энерганосьбіты і валюту ад экспарта, таму яе санкцыі хвалююць у меншай ступені. У Беларусі ў гэтым плане менш магчымасцей.

РР: Апошнім часам Расея вельмі неахвотна давала Беларусі крэдыты. Тэндэнцыя працягнецца ці не?

Барыс Жаліба: Масква будзе аказваць крэдытную падтрымку Беларусі, таму што няма альтэрнатыўнай фігуры, якая б задавальняла Крэмль. Таму падтрымліваюць тое, што ёсць. Хаця будуць рабіць гэта з апаскай, бо легітымнасць тых, хто сёння пры ўладзе ў Беларусі, амаль нідзе не прызнана.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя