Барыс Жаліба: Будзе працягвацца палітыка на стрыманую дэвальвацыю
Нацыянальны банк Беларусі адмяніў абмежаванні па аб’ёму куплі-продажы валюты на біржы. Эканаміст Барыс Жаліба распавядае, як гэтая мера можа адбіцца на беларускай эканоміцы і фінансавым рынку краіны.
Абмежаванні на максімальныя сумы па куплі-продажы валюты на біржы знялі да 1 студзеня 2017 года, аднак новыя правілы не распаўсюджваюцца на аперацыі з фізічнымі асобамі.
У адпаведнасці з пастановай Нацбанка № 508, абавязковым рэквізітам заявак на пакупку валюты на біржы зараз “з’яўляецца максімальны курс куплі замежнай валюты, па якім гэтыя заяўкі могуць быць выкананы”.
Барыс Жаліба: Адмена абмежаванняў у любым выпадку ідзе на карысць аздараўлення эканомікі. Рыначная эканоміка ў прынцыпе не ведае такіх абмежаванняў. У 2011 годзе, пасля моцнага фінансавага крызіса ў Беларусі, на пазабіржавым рынку можна было купіць, здаецца, толькі адзін лот, якія раўняўся 1000 даляраў ці еўра. Да гэтага там продаж валюты дасягаў двух трэці ад аб’ёмаў, што прадаваліся на валютнай біржы. І гэта было нармальна, бо абодва рынкі канкурыравалі паміж сабой. Таму, калі разглядаць цяперашнюю адмену абмежаванняў па куплі-продажы валюты на біржы, як зварот да пазабіржавага рынку, то гэта станоўчая мера. Хоць некаторыя аналітыкі расцэньваюць яе інакш. Маўляў, такія скачкі з боку ў бок могуць прывесці да паскарэння дэвальвацыі беларускага рубля. Але, як мне падаецца, гэта крок у рыначных накірунку.
РР: Новыя правілы не распаўсюджваюцца на аперацыі з фізічнымі асобамі. Можа і тут адменяць абмежаванні?
Барыс Жаліба: Так, мы не можам атрымоўваць крэдыты ў валюце і гэдак далей. І справа вось у чым. Паступленне валюты ў краіну, аб’ёмы экспарта ў бягучым годзе ў параўнанні з мінулым не павялічыліся. Нават некалькі зменшыліся. Таму абмежаванні для насельніцтва на выдачу крэдытаў у валюце застануцца.
РР: Ці будзе Нацбанк і надалей прытрымлівацца палітыкі паступовай дэвальвацыі?
Барыс Жаліба: Думаю, так і будзе. Ёсць, безумоўна, меркаванні, што трэба правесці разавую дэвальвацыю, каб валютны курс быў больш натуральным. Мы ж яе стрымліваем за кошт змяншэння валютных рэзерваў і інтэрвенцый на біржы, а таму даводзіцца пастаянна браць знешнія пазыкі. У той жа час улады баяцца паўтарэння крызісных сцэнараў 2009 году (дэвальвацыя склала 20 працэнта) і 2011 г., калі запанікавалі ўкладчыкі. Тады народ пачаў масава здымаць свае рублёвыя і нават валютныя зберажэнні. Вось гэта ўладу палохае больш за ўсё! Таму мяркую, што будзе працягвацца палітыка на стрыманую дэвальвацыю.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя