Барыс Жаліба: Кітайскі крэдыт – гэта сапраўдны навагодні падарунак
Эканаміст патлумачыў, чаму Кітай вырашыў даць Беларусі “незвязаны” крэдыт.
Як паведамляе сайт Мінфіна, паміж Беларуссю і Банкам развіцця Кітая падпісана пагадненне аб прадастаўленні тэрміновага крэдыту на суму 3,5 млрд. кітайскіх юаняў (каля 500 млн. даляраў).
Крэдыт не звязаны з рэалізацыяй якога-небудзь праекта і можа быць накіраваны на агульныя мэты, у тым ліку: на пагашэнне і абслугоўванне дзяржаўнага доўгу, падтрыманне золатавалютных рэзерваў Рэспублікі Беларусь, а таксама садзейнічанне развіццю двухбаковага гандлю паміж Беларуссю і Кітаем, адзначаецца ў заяве Мінфіна.
Барыс Жаліба: Кітай у рэдкіх выключэннях дае “незвязаныя” крэдыты. У асноўным кітайцы могуць даваць грошы пад свае праекты, закупку свайго абсталявання і гэдак далей. Таму тут мы бачым і на самой справе ў пэўным сэнсе беспрэцэдэнтны выпадак.
РР: Чаму кітайцы зрабілі выключэнне для Беларусі?
Барыс Жаліба: Відаць, былі пэўныя дамоўленасці на ўзроўні кіраўнікоў краіны. У Беларусі шмат праектаў са “звязанымі” кітайскімі крэдытамі, у нас вучыцца шмат кітайскіх студэнтаў, ладзяцца розныя сумесныя праграмы. Гэта азначае, што стасункі паміж краінамі склаліся дастаткова даверлівыя.
Зараз Беларусі патрэбны валютныя крэдыты, а Расея, як бачым, нічога не дае, патрабуючы спачатку паглыбленай інтэграцыі. Таму беларускія ўлады і папрасілі незвязаны крэдыт, а кітайцы пагадзіліся.
Трэба сказаць, гэта для ўладаў – поспех і сапраўдны навагодні падарунак, бо кітайскія грошы значна ўзмацняюць пазіцыі афіцыйнага Менска на перамовах з Масквой 20 снежня. Можна сказаць, што зараз Кітай ратуе Беларусь і гэта станоўча адаб’ецца на адстойванні нашага суверэнітэта.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя