Барыс Жаліба: Краіна жыве ў крэдыт



Беларусь мае намер у 2015 годзе разлічыцца па ўсіх знешніх запазычанасцях. Аптымістычныя планы беларускага ўрада каментуе эканаміст Барыс Жаліба.

Барыс Жаліба

“У першую чаргу, разглядаючы збалансаванасць бюджэта на 2015 год, мы павінны разумець, што нам неабходна ў поўным аб’ёме разлічыцца па ўсіх знешніх пазыках, – заявіў днямі прэм’ер міністр Беларусі Міхаіл Мясніковіч. – Гэта святое. Мы гэтыя сродкі бралі на мадэрнізацыю эканомікі, мы павінны выканаць усе ўзятыя на сябе абавязальніцтвы”.

Барыс Жаліба: Ёсць знешняя запазычанасць дзяржавы плюс карпаратыўная запазычанасць. У апошнюю ўваходзяць пазыкі нашых суб’ектаў гаспадарання (прадпрыемстваў і банкаў), яна падыйшла да мяжы ў 39 мільярдаў долараў. Калі адсюль вылучыць знешнюю дзяржаўную запазычанасць, то атрымаецца каля 12-13 мільярдаў. Афіцыйных міжнародных межаў, звыш якіх не трэба браць пазыкі, абедзве запазычанасці пакуль не дасягалі, але, тым не менш, застаецца праблема, як гэтыя крэдыты вяртаць. Аптымізм Мясніковіча, безумоўна, радуе, але пытанні не здымае. Як я бачу сітуацыю, проста не рэальна ў2015 годзе разлічыцца па ўсіх знешніх запазычанасцях. Мы бярэм адны пазыкі, каб разлічыцца з іншымі.

РР: Адным словам, краіна жыве ў крэдыт?

Барыс Жаліба: Так. І ў наступным годзе, хутчэй за ўсё, ізноў трэба будзе шукаць грошы за мяжой, бо трэба аддаваць пазыкі Расеі, Міжнароднаму валютнаму фонду, Кітаю, Венесуэле і гэдак далей. За год разабрацца з усімі запазычанасцямі практычна немагчыма.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя