Барыс Жаліба: Нерэальна высокія заробкі заганяюць эканоміку ў труну



На будучы год беларускія эканамічныя ўлады прапануюць зацвердзіць даволі сціплы (на ўзроўні 4 працэнтаў) тэмп росту рэальнага (з улікам інфляцыі) заробку. Між тым, эканаміст Барыс Жаліба мяркуе, што “ў год прэзідэнцкіх выбараў падымаць заробкі ўсё роўна будуць істотна”.

Па інфармацыі БелаПАН, прагноз сацыяльна-эканамічнага развіцця, якія падрыхтавалі профільныя ведамствы, мяркуе рост УВП у 2015 годзе на ўзроўні 2.6 %.

Барыс Жаліба: Такія прагнозы кажуць толькі аб адным: у эканоміцы настолькі дрэнная сітуацыя, што падняць заробкі, як у мінулым годзе (больш чым на 15 працэнтаў), ужо няма магчымасці. Але, улічваючы, што 2015 год – час прэзідэнцкіх выбараў, то запланаваны рост рэальнага заробку на 4 працэнты (прыкладна на 35 долараў) чыноўнікі выканаюць і істотна перавыканаюць. Але ж рост заробкаў ізноў у разы перавысіць рост вытворчасці працы. Гэты дысбаланс у Беларусі хранічны, ён заганяе ў труну эканоміку. Праўда, лічыцца з гэтым ніхто не будзе.

РР: Сярод людзей сёння пануюць такія настроі: маўляў, да выбараў на валютным рынку ўсё будзе адносна спакойна, хоць плаўная дэвальвацыя працягнецца.

Барыс Жаліба: У нас такая непрадказальная эканоміка, што цяжка нешта загадваць наперад нават на паўгода. Мы ўвесь час падтрымліваем плаўную дэвальвацыю за кошт знешніх пазыкаў (у асноўных – расейскіх), даводзіцца разлічвацца за папярэднія. Нават тыя 2 мільярды даляраў пазыкі, якія Расея ўжо пачала даваць Беларусі, пойдуць на пагашэнне старых пазыкаў. І мы ізноў застаемся з нулём. Таму, як будзе ісці плаўная дэвальвацыя, шмат у чым будзе залежыць ад таго, колькі грошай дасць Расея. Калі атрымаюцца нейкія збоі, то беларускі рубель можа абваліцца ў любы момант. Праўда, Расея ў гэтым не зацікаўлена – іх задавальняе кандыдатура Лукашэнкі. Таму, як мне падаецца, Крэмль працягне аказваць беларускай уладзе фінансавую дапамогу.

РР: А ці можна разлічваць на крэдыт Міжнароднага валютнага фонду?

Барыс Жаліба: Не думаю, таму што беларускі бок не выканаў усе тыя патрабаванні МВФ, пра якія заяўлялася пры атрыманні папярэдняй пазыкі. Ды і палітычная сітуацыя ў нас у лепшы бок не змянілася.

Кастусь Забоцкі, Беларускае Радыё Рацыя

Фота youtube.com