Барыс Жаліба: Да валютнага саюза – як да Месяца!
Эканаміст Барыс Жаліба распавядае, чаму ў бліжэйшай будучыні немагчыма стварэнне валютнага саюза Расеі, Беларусі і Казахстана.
Днямі расейскі кіраўнік Уладзімір Пуцін прапанаваў разглядзець пытанне пра фарміраванне ў будучыні валютнага саюза Расеі, Беларусі і Казахстана. Пра гэта ён заявіў па выніках сустрэчы ў Астане з лідарамі гэтых дзяржаў, адзначае ТАСС.
«Думаем, прыйшоў час пагаварыць аб магчымасці фарміравання ў перспектыве валютнага саюза», – сказаў Пуцін, кажучы аб працягу каардынацыі манетарнай палітыкі.
Паводле яго слоў, «працуючы плячо ў плячо», прасцей абараняць агульны фінансавы рынак.
Барыс Жаліба: Пакуль што валютнага саюза не будзе – тут не бачу ніякіх перспектыў. Спецыялісты задаюцца пытаннем: навошта Пуцін наогул падняў гэтую тэму? Складваецца ўражанне, што ў Астане прэзідэнтам нічым іншым не было і заняцца. А заява пра валютны саюз выклікае толькі пытанні. Такі саюз – гэта вяршыня інтэграцыі, да якой як да Месяца. У межах Еўразійскага эканамічнага саюза ён аднесены на 2025 год, што абсалютна лагічна. Каб выйсці на валютны саюз, Расеі, Беларусі і Казахстану, трэба мець адзіную валюту. У першую чаргу неабходна інтэграваць гаспадарчае заканадаўства, манетарную палітыку, вырашыць цэлы шэраг іншых пытанняў. Акрамя таго, асноўным бар’ерам у такім саюзе многія бачаць у тым, што кіраўнікі трох краін – палітыкі аўтакратычнага тыпу. І паступіцца сваімі грашыма на карысць адзінай валюты яны не захочуць. Бо аддаць валюту – гэта аддаць уладныя эканамічныя рычагі, а значыцца і ўладу. Асабіста я не веру, што нехта пагадзіцца на тое, што прапанаваў Пуцін. Таму словы расейскага кіраўніка – не больш, чым палітычны жэст.
РР: Але Пуцін, наколькі вядома, даручыў Цэнтрабанку і ўраду распрацаваць гэтае пытанне да 1 верасня гэтага году…
Барыс Жаліба: А што яны распрацуюць? Можа быць, справы ў эканоміках Расеі, Беларусі і Казахстана настолькі дрэнныя (у першую чаргу таму, што ідзе на дно расейская эканоміка), што Крэмль вырашыў узяць валюту ў свае рукі, а разам з гэтым і саюзнікаў голымі рукамі? Тут можна бачыць толькі такі палітычны падтэкст. Хоць Лукашэнка з Назарбаевым будуць гэтаму ўсяляк супраціўляцца. Так што ў бліжэйшыя гады пра валютны саюз нават успамінаць не мае сэнсу.
* * *
Ці адчуюць беларусы “перавагі” Еўразійскага эканамічнага саюза? З 1 студзеня 2015 году функцыянуе Еўразійскі эканамічны саюз, а Беларусь стане першай краінай, якая будзе старшынстваваць у гэтым інтэграцыйным аб’яднанні.
Па словах пасла Расеі ў Беларусі Аляксандра Сурыкава, перавагі саюза простыя беларусы заўважаць ва ўласным кашальку ўжо ў наступным годзе.
Барыс Жаліба: Беларусы не толькі не адчуюць перавагі ЕАЭС, але адчуюць яшчэ і падзенне жыццёвага ўзроўня. Таму што разлічвалі на плюсы ад Еўразійскага эканамічнага саюза, але ўсё сыйшло на “не” з-за знешняга палітычнага фактара. Расея не збіраецца выводзіць войскі з Данбаса, а значыцца будуць працягвацца заходнія санкцыі. Першае, па чым б’юць гэтыя санкцыі, – па фінансаваму боку, паколькі расейскім банкам адмоўлена на заходнім фінансавым рынку па сярэдніх і доўгатэрміновых крэдытах. Яны зараз нават не ведаюць, як аддаць пазыкі да канца году, якія налічваюць сотні мільярдаў даляраў.
РР: Аднак зараз назіраецца некаторая стабілізацыя расейскага рубля.
Барыс Жаліба: Як мне падаецца, гэта часовая з’ява. Рубель будзе і далей дэвальвацца. Да таго ж, невядома што далей будзе з коштамі на нафту. Прагнозы такія, што яны будуць падаць і надалей, і дна не бачна. Усе гэтыя праблемы, безумоўна, чакаюцца і ў наступным годзе. А разам з расейскай эканомікай будзе захлынацца і беларуская, таму прагнозы ў мяне даволі песімістычныя. Таму тое, што заяўляе Сурыкаў, ніяк не ўпісваецца ў заўтрашнія рэаліі. У такіх выпадках – лепш ужо прамаўчаць.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя