Барыс Жаліба: Расея цягне беларусаў за сабой у яму



Улады ўвялі 30-працэнтны падатак на пакупку валюты, эканаміст Барыс ЖАЛІБА расказвае, чаму так адбылося і да чаго гэта прывядзе.

РР: 30-працэнтны падатак на пакупку валюту ўлады дэвальвацыяй не называюць…

Барыс Жаліба: Я б назваў гэты падатак схаванай дэвальвацыяй. Хоць біржавыя каціроўкі і курсы ў абменніках застаюцца старыя, але кожны чалавек, які набывае валюту, ужо будзе плаціць на 30 працэнтаў больш. Можна гэта не называць дэвальвацыяй, але ж людзям ад таго не лягчэй. Для сябе яны маюць адназначную дэвальвацыю.

РР: Чаму ўлады вымушаны былі пайсці на такі крок?

Барыс Жаліба: Даўно была дыскусія, што розніца паміж хуткасцю дэвальвацыі расейскага і беларускага рубля прывядзе да катастрафічных наступстваў для нашага экспарта, і на гэтым фоне – да чарговага эканамічнага крызісу. І другі фактар – падзенне курса расейскага рубля адбілася на паводзінах беларускага насельніцтва. Людзі ў прадчуванні паскоранай дэвальвацыі пайшлі ў чэргі за валютай. А тыя, хто меў рублёвыя дэпазіты, пачаў пераводзіць іх у валютныя. Усё гэта і прывяло да таго, што маем.

РР: Сёння валюта ў банках ужо ёсць. Прымаюць яе амаль па курсу Нацбанку, але прадаюць на 30 працэнтаў больш.

Барыс Жаліба: Гэта вельмі хітры ход канём! Фармальна дэвальвацыі няма, але рэальна яна ёсць, і, такім чынам, папаўняецца бюджэт за кошт пакупнікоў валюты. Дастаткова арыгінальнае рашэнне, але сутнасці праблемы не змяняе. Дзяржава бярэ падатак з усіх пакупнікоў валюты (і фізічных асобаў, і юрыдычных), але гэта не прынясе карысці экспарцёрам.

РР: Чаму?

Барыс Жаліба: Таму што адначасова прынята рашэнне, што экспарцёры на біржы павінны прадаваць ужо не 30, а 50 працэнтаў валютнага прыбытку. Экспарцёрам патрэбна будзе ізноў набываць валюту з падаткам. Таму гэтая “дэвальвацыя” з аднаго боку павінна прынесці палёгку экспарцёрам, а з іншага прынясе толькі шкоду.

РР: Ці вырастуць кошты ў крамах пасля ўвядзення падатку?

Барыс Жаліба: Безумоўна, бо імпарцёры будуць закладваць у кошты ў беларускіх рублях той падатак, што яны плацяць на біржы. На імпартныя тавары кошты ўжо выраслі ці хутка вырастуць. А праз нейкі час падымуцца і на ўсё астатняе. Ужо зараз народ павыграбаў у крамах усю імпартную тэхніку, а некаторыя крамы наогул спынілі працу, каб разабрацца ў сітуацыі.

РР: Улады афіцыйна заявілі, што гэта часовая мера – да 1 лютага 2015 году.

Барыс Жаліба: Ёсць такая прымаўка: няма нічога больш пастаяннага, чым часовае. Я, напрыклад, не бачу ніякіх перспектыў, што ў Расеі сітуацыі з рублём зменіцца ў лепшы бок. А Расея цягне за сабой беларусаў у крызісную яму і зацягне. Тым больш, мяркуючы па апошніх заявах Пуціна, той нічога не хоча змяняць ні з Украінай, ні з Крымам. Маўляў, рыхтуйцеся, расейцы, да горшага. А значыцца – рыхтуйцеся да горшага і беларусы.

РР: Зараз долары прадаюць прыкладна за 14.500 рублёў. Ці будуць браць валюту беларусы па такім курсе?

Барыс Жаліба: Будуць, бо на фоне ажыятажа – вялікі попыт на валюту. А, калі чэргі застануцца, то будзе падстава дэвальваваць беларускі рубель і далей – у пагоню за расейскім.

РР: Некаторыя фінансавыя аналітыкі выказвалі меркаванне, што курс можа дасягнуць і 20 тысяч рублёў за долар. Такое магчыма?

Барыс Жаліба: Цяжка нешта прадказваць. Многае будзе залежыць ад палітыкі ўраду і Нацыянальнага банка, які яны збіраюцца праводзіць далей. І, натуральна, ад стабільнасці расейскага рубля.

РР: Чаму не ўдалося працягнуць палітыку плаўнай дэвальвацыі?

Барыс Жаліба: Эканамічныя законы дыктуюць свае правілы. На наступны год, дарэчы, прагнозы таксама сумныя.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя