Барыс Жаліба: Расея закрывае рынак для беларускіх тавараў



Эканаміст Барыс Жаліба патлумачыў, чаму павялічваецца адмоўнае сальда ў гандлі з Расеяй.

«На жаль, у 2018 годзе дысбаланс у гандлі таварамі паміж Беларуссю і Расеяй узмацняецца, – заявіў прэм’ер-міністр Сяргей Румас. – Па выніках 10 месяцаў адмоўнае сальда ўзаемнага гандлю павялічылася на $3,3 мільярда. Прычына гэтага — мы павольна рухаемся па рашэнні важных для беларускага боку праблемных эканамічных пытанняў».

Барыс Жаліба: Тэмпы імпарту з Расеі значна большыя, чым складае экспарт беларускіх тавараў, а таму і назіраем такую сітуацыю. І тут трэба адзначыць, што адмоўнае сальда з Расеяй было заўсёды. Мы купляем расейскую нафту і газ, гэта даволі вялікія аб’ёмы. У Беларусі вельмі энергаёмістая вытворчасць. Аўстрыя, напрыклад, купляе 8 млрд. кубаметраў газу, а яе эканоміка па ўнутраным валавым прадукце ў некалькі разоў большая за беларускую. Таму мы плацім у валюце даволі вялікія сумы Расеі.

РР: Але ж сальда павялічылася аж на $3,3 мільярда. Гэта даволі шмат…

Барыс Жаліба: У гэтым годзе добра папрацаваў Рассельгаснагляд. Дзякуючы яго высілкам, у нас сельскагаспадарчы экспарт у Расею вельмі замарудзіўся і нават скараціўся. Расейцы паставілі шлагбаум на шляху быццам бы няякаснай беларускай прадукцыі, хаця ўсім вядома, што справа абсалютна не ў гэтым.

Проста яны такім чынам абараняюць свой рынак ад беларускіх тавараў.Таму адмоўнае сальда ў гандлі расце і набывае пагражаючыя памеры. Калі ўрад нічога не будзе рабіць у гэтым кірунку, то сітуацыя толькі пагоршыцца.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя

Фота ria.ru