Барыс Жаліба: Расце даляр – растуць і цэны
Амерыканская валюта даражэла ў дачыненні да беларускага рубля 12 дзён запар, але ўчора спыніла рост, і рубель нават умацаваўся на 0,0153 рубля да 2,1528 рубля за даляр.
Аналітыкі мяркуюць, што да канца года беларускі рубель працягне падаць разам з расейскім з-за таго, што ў дачыненні да Расеі Захад будзе прымаць новыя санкцыі.
Барыс Жаліба: Курс даляра і цэны ў нашай краіне ўзаемазвязаны, таму, натуральна, што пасля росту амерыканскай валюты вырастуць і цэны. Іншая рэч, што ніхто не ведае, якога ўзроўню будзе дэвальвацыя. Наўпрост гэта будзе залежыць, напэўна, ад таго, наколькі жорсткія санкцыі прымуць у дачыненні да Расеі. Але ў любым выпадку нічога добрага ў абясцэньванні рубля няма. Нават Міністэрства фінансаў падлічыла, колькі стратаў нясуць прадпрыемствы і бюджэт хаця б ад 1 адсотка дэвальвацыі.
РР: Расейскі рубель пры падзенні цягне за сабой у прорву і беларускую валюту. Ці нармальная такая сітуацыя?
Барыс Жаліба: Абсалютна ненармальная. Беларускае кіраўніцтва ўжо шмат гадоў кажа, што хоча дыверсіфікаваць экспарт. Формула была агучана такая: трэць экспарту ідзе на Расею, трэць – у Еўропу, і трэць – у іншыя краіны. Але нічога пакуль не атрымліваецца. Больш за палову экспарта ўсё роўна завязана на Расею, а адсюль і такі наш валютны кошык, дзе 50 адсоткаў займае расейскі рубель. І ўся гэтая прывязка чарговы раз наносіць урон беларускай эканоміцы.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя