Барыс Жаліба: Рызыкі дэвальвацыі заўсёды былі
Эканаміст Барыс Жаліба распавядае, што прывязка да расейскай эканомікі б’е па беларусах.
Сёння на таргах у Менску даляр і еўра працягнулі рост. Еўра скокнуў на 0,0701 рубля і дасягнуў 2,5576 беларускага рубля. Даляр вырас амаль на 4 капейкі і складае зараз 2,0698 рубля.
Такім чынам, за некалькі дзён беларускі рубель дэвальваваўся амаль на 6 адсоткаў. Усё гэта адбываецца на фоне абвалу расейскага ў рубля пасля ўвядзення ЗША ў дачыненні да Расеі санкцый.
Барыс Жаліба: Думаю, зараз Нацбанк зрабіў з гісторыі правільныя ўрокі. Калі ў 2014 годзе была падобная сітуацыя (абвал рубля ў Расеі, які адбіўся і на беларускім валютным рынку), то Нацыянальны банк вырашыў адміністратыўнымі метадамі стрымліваць курс. Памятаю, што кіраўніца Нацбанка тады яшчэ казала, што, маўляў, мы не пабяжым за расейскім рублём. У выніку па экспарту сельгаспрадукцыі на гэтай курсавой розніцы прайгралі некалькі соцень мільёнаў даляраў.
РР: Але зараз Нацбанк не ўмешваецца ў сітуацыю і кажа, што курс фарміруецца на аснове попыту і прапановы.
Барыс Жаліба: Так, бо па дамовах за беларускі экспарт Расея будзе разлічвацца рублямі, а не валютай. Але відавочна, што прывязка да расейскай эканомікі і расейскага рубля моцна б’е па беларусах, бо любыя крызісы ва ўсходняга суседа адразу рыкашэцяць па Беларусі. Як бачым, дэвальвацыйныя працэсы ў Расеі аўтаматычны перакінуліся і на нас, таму застаецца толькі моўчкі назіраць, як будуць разгортвацца падзеі далей. Ад гэтага будзе залежыць і сітуацыя на беларускім валютным рынку. А пра тое, што магчыма дэвальвацыя, казалася неаднаразова. Такія рызыкі заўсёды былі і будуць.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя