Барыс Жаліба: Сярэдні заробак беларусаў завышаны долараў на сто
Беларускія прадпрыемствы не маюць падставаў для роста заробкаў. Ці павысяцца заробкі напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў, і што стане з рублём пасля завяршэння выбарчай кампаніі? Пра гэта распавядае эканаміст Барыс Жаліба.
Афіцыйная статыстыка сведчыць, што на беларускіх прадпрыемствах недастатковы тэмп росту вытворчасці працы, а значыцца, у іх няма падставаў павялічваць заробкі сваім работнікам.
Нагадаем, згодна з пастановай урада № 744 „Аб аплаце працы работнікаў”, для дзяржаўных арганізацый устаноўлена, што рост сярэднемесячнага заробку можа быць толькі пры ўмове апярэджваючага роста вытворчасці працы.
Барыс Жаліба: Калі ўспомніць апошнія прэзідэнцкія выбары, то сярэдні заробак беларусаў тады павялічыўся з 300 да 530 долараў, пасля чаго надыйшоў глыбокі валютны крызіс 2011 года. Думаю, улады зрабілі высновы з таго сумнага вопыта, што нельга валюнтарысцкім шляхам рабіць заробкі такія, якія захочуць. Ёсць жа пэўныя магчымасці эканомікі. Для таго і выйшла пастанова ўрада, якая прывязала рост заробкаў да роста вытворчасці працы. Мы бачым, што сярэдні заробак за жнівень аказаўся меншым, чым за ліпень, хоць тут ролю адыграў і сезонны фактар. Але, думаю, палітычны чыннік у наступным годзе сваё слова скажа, і ўлады зробяць усё магчымае, каб павысіць заробкі да чарговых прэзідэнцкіх выбараў. Але з улікам негатыўнага вопыта апошніх. Вельмі моцна грошай не дабавяць, але, як кажуць, адміністратыўныя меры, прымуць.
РР: У свой час улады абяцалі давесці сярэдні заробак да 1000 долараў. Наколькі гэта рэальна ў бліжэйшай перспектыве?
Барыс Жаліба: Эканамісты лічаць, што гэтая мяжа пакуль недасягальная, хоць сёння заробак набліжаецца ўжо да 700 долараў. Як мне падаецца, у наступным годзе сярэдні заробак па краіне давядуць да сёняшняга сталічнага, калі не здарыцца нешта надзвычайнае. Нейкую сотню долараў накінуць.
РР: Вы ўспаміналі сумны вопыт мінулых выбараў, пасля якіх беларусаў чакала дэвальвацыя. Ці не знізіцца рэальны заробак беларусаў і пасля гэтай выбарчай кампаніі?
Барыс Жаліба: Гэтага можна чакаць з той простай нагоды, што кожны год заробак у студзені заўсёды ніжэйшы, чым у снежні. У апошні месяц года ідуць усялякія прэміі, бонусы і гэдак далей.
РР: Ці суадносіцца сёняшні сярэдні заробак з рэальным становішчам спраў у эканоміцы?
Барыс Жаліба: Думаю, не суадносіцца, хоць дысбаланс паміж ростам вытворчасці працы і заробкамі зменшыўся. Але ж зусім ад гэтага дысбаланса мы не сыйшлі. Сёняшнія заробкі завышаныя долараў на сто.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя