Барыс Жаліба: У гандлі Кітай заваёўвае свет



Эканаміст Барыс Жаліба прагназуе, якія ў Беларусі гандлёвыя перспектывы з Кітаем.

Па звестках Белстата, за дзевяць месяцаў гэтага года адмоўнае сальда Беларусі ў гандлі з Кітаем склала 1,991 млрд. даляраў. І гэта другі вынік у выніковым адмоўным мінусе знешнегандлёвага баланса краіны пасля Расеі.

Барыс Жаліба: Асноўны наш экспартны артыкул у Кітай – гэта калійныя ўгнаенні. Уся астатняя беларуская прадукцыя ідзе ў гэтую ўсходнюю краіну, можна сказаць, у мізернай колькасці. А вось з Кітая у Беларусь ідуць практычна ўсе тавары. Варта схадзіць у магазін і паглядзець, колькі кітайскай прадукцыі ляжыць сёння на паліцах айчынных магазінаў. Кітай у гандлі заваёўвае свет, і Беларусь тут не выключэнне.

РР: Няўжо нельга пашырыць экспарт у Кітай?

Барыс Жаліба: Вельмі складана тут спаборнічаць. У той жа Расеі ў гандлі мінус 7,157 млрд. даляраў у гандлі з Кітаем. Але пашыраць экспартны рынак у кітайскім кірунку абавязкова трэба, бо Беларусь не Расея, у нас няма сваіх нафты і газу. Таму трэба маніторыць, чаго не хапае ў Кітаі, і актыўней працаваць беларускім экспарцёрам. Магчыма, трэба было б падумаць і над экспартам IT-тэхналогій.

РР: Адмоўнае сальда ў 1,991 млрд. даляраў – гэта для Беларусі вельмі шмат…

Барыс Жаліба: Для Беларусі любое адмоўнае сальда больш чым на мільярд – даволі шмат. І гэтую праблему трэба нейкім чынам тэрмінова вырашаць.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя