Барыс Жаліба: Улады стараюцца “паскубаць” як мага больш людзей
Эканаміст Барыс Жаліба патлумачыў сутнасць інструкцыі Міністэрства па падатках і зборах аб кантролі за адпаведнасцю расходаў грамадзян з іх даходамі.
Інструкцыя Міністэрства па падатках і зборах аб кантролі за адпаведнасцю расходаў грамадзян іх даходам прынята ў сувязі з дэкрэтам № 3 „Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства”, паведамляе прэс-служба МПЗ.
„Улічваючы, што інструкцыя прынята ў мэтах рэалізацыі дэкрэта, то яе дзеянне распаўсюджваецца на ажыццяўленне кантролю за адпаведнасцю расходаў і даходаў грамадзян, якія не ўдзельнічаюць у фінансаванні дзяржаўных расходаў або ўдзельнічаюць у такім фінансаванні менш за 183 каляндарныя дні ў каляндарным годзе”, – удакладнілі ў міністэрстве.
Барыс Жаліба: Усіх грамадзян узяць пад кантроль і не атрымалася б, бо на гэта проста не хапіла б колькаснага складу работнікаў падатковых органаў. Хоць не выключаю, што тых, хто робіць буйныя пакупкі, усё роўна возьмуць “пад прыцэл” і будуць прасвечваць сваім рэнтгенам. Будуць высвятляць прыбытак, заробкі…
РР: Уладзе не хапае грошай?
Барыс Жаліба: Улады стараюцца “паскубаць” як мага больш людзей. Хоць ёсць, безумоўна, несвядомыя грамадзяне, якія хаваюць свае прыбыткі і афіцыйна іх не паказваюць. Але галоўнае тут – даць на самой справе дадатковы прыбытак у бюджэт, які ў Беларусі знаходзіцца, скажам так, у дрэнным стане па агульнаэканамічных прычынах. Бюджэт проста задыхаецца, чыноўнікі ўжо даўно шукаюць, дзе б і з каго можна было ўзяць дадатковыя грошы.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя